Арыфметыка сезона і “…Спадчынніка”

№ 33 (901) 15.08.2009 - 21.08.2009 г

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага бадай першым з айчынных тэатральных калектываў адкрыў новы тэатральны сезон. Прычым 11 жніўня адзначана гэта было адразу трыма падзеямі.

 Першая, вядома ж, - уласна 77 сезон. Ён адкрыецца спектаклем-доўгажыхаром "Адзіны спадчыннік" па п'есе Ж.-Ф. Рэньяра. Прэм'ера пастаноўкі адбылася ў 1974 годзе ў рэжысуры заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Уладзіміра Маланкіна, а новая рэдакцыя, якую здзейснілі народныя артысты краіны Аляксандр Ткачонак і Вольга Клебановіч, упершыню была паказана гледчам увосень 2002 года.

Гэтым жа спектаклем, а таксама юбілейным вечарам, Нацыянальны акадэмічны  драматычны тэатр імя Максіма Горкага адзначыў юбілей актрысы Алены Пастарэвіч, якая працуе ў калектыве з 1972 года. Яна выканала дзесяткі роляў на Горкаўскай сцэне, а таксама ў кіно. У бягучым рэпертуары Алена Мікалеўна ўдзельнічае, апрача "Адзінага спадчынніка", у спектаклях "На залатым возеры" Э.Томпсана, "Дзядзечкаў сон" Ф.Дастаеўскага, "Сунічная паляна" І. Бергмана, "Праўда - добра, а шчасце лепш" А.Астроўскага. Адкрыліся ж усе ўрачыстасці яшчэ ў фае тэатра, дзе фотамастак і кінакрытык Алег Сільвановіч прапанаваў выстаўку ўласных здымкаў "Тэатр, акцёр і вобраз", якая будзе працаваць да кастрычніка.

Фота Юрыя ІВАНОВА