Гульня даўжынёй у трыццаць гадоў

№ 19 (785) 12.05.2007 - 18.05.2007 г

Гульня ў лялькі традыцыйна лічыцца несур’ёзным заняткам, вартым хіба што дзіцяці. А дарма… Лялечны тэатр, як і яго “старэйшы брат” – драматычны, здольны выкрываць чалавечыя заганы, уваскрашаць у душы чыстыя ідэалы дабрыні і справядлівасці і вымушаць гледача шчыра смяяцца. Гэта ўжо шмат гадоў запар даказвае і пацвярджае Магілёўскі абласны тэатр лялек, якому неўзабаве “стукне” 30. Наша субяседніца – “ветэранка" тэатра, якая працуе ў ім з першага яго дня, вядучая актрыса Ганна ЛАЗУЦІНА

 /i/content/pi/cult/114/287/Gulnya2.jpg
— Раскажыце, калі ласка, як пачыналася гісторыя тэатра?
Рэжысёр Мікалай Кулага, выпускнік прэстыжнага Ленінградскага дзяржаўнага інстытута тэатра, музыкі і кіно, у 1976 годзе разам з мастаком Леанідам Быкавым сабраў выпускнікоў Магілёўскага вучылішча культуры і стаў рэпеціраваць з лялькамі ў Гарадскім доме культуры. Першы спектакль “Тыграня Петрык” быў паказаны 23 мая 1977 года на сцэне Магілёўскага драмтэатра.Спачатку тэатр працаваў як выязны, рэпертуару не было, каталі “Тыграня…” штодзённа па гарадах і весях Магілёўшчыны амаль паўгода. Стамляліся — жудасць! Пазней пачалі іграць стацыянарныя спектаклі ў Гарадскім доме культуры.

— Тэатр зведаў “почыркі” самых розных рэжысёраў. Самыя яскравыя яго старонкі кім былі напісаны?
Самыя яскравыя старонкі, я спадзяюся, яшчэ наперадзе. Хаця кожны рэжысёр, які працаваў у нашым тэатры, унёс сваю лепту. Рэжысёр Мікалай Кулага, на жаль, вельмі рана пайшоў з жыцця, але мы яго памятаем як добрага, тонкага педагога і псіхолага. Яго ўнутраная энергетыка, любоў да тэатра лялек “заражала” іншых.У 80-х гадах мінулага стагоддзя ў тэатры лялек працаваў Аляксей Ляляўскі, які зараз займае пасаду галоўнага рэжысёра Дзяржаўнага тэатра лялек Рэспублікі Беларусь. Яго спектаклі вылучаліся пошукамі новых сродкаў сцэнічнай выразнасці. Гледачы памятаюць яго арыгінальныя пастаноўкі “Кот у ботах” Ш.Перо, “Дзед і Жораў” В.Вольскага, а “Маленькі Клаус і Вялікі Клаус” Г.Х. Андэрсена і па сённяшні дзень — у бягучым рэпертуары нашага тэатра.
Свой след у гісторыі Магілёўскага тэатра лялек пакінуў у 90-я гады таленавіты рэжысёр Алег Жугжда. Яго смела можна назваць рэжысёрам-эксперыментатарам, рэжысёрам-наватарам: ён першым у рэспубліцы выкарыстаў у тэатры ценяў мастацтва беларускай выцінанкі, адным з першых адрадзіў батлейку, а таксама—класічныя марыянеткі. Зараз А.Жугжда працуе галоўным рэжысёрам у Гродзенскім тэатры лялек, але мы падтрымліваем з ім добрыя адносіны.
У 2000 годзе ў тэатра быў перыяд працы з запрошаным рэжысёрам, народным артыстам Украіны Сяргеем Яфрэмавым. Яго цікавыя пастаноўкі “Дзікія лебедзі” і “Казка аб добрым Чарцяняці” карыстаюцца нязменным поспехам у гледачоў. Ён жа параіў нашаму тэатру папрацаваць са сваім лепшым вучнем і паслядоўнікам — рэжысёрам Сяргеем Брыжанем з Хмяльніцкага тэатра лялек. Трэба адзначыць, што ўвогуле для акцёра вельмі карысныя стасункі з рознымі рэжысёрамі, бо ад кожнага мы атрымліваем новы погляд, новы падыход да ролі. Да таго ж, знаёмімся і з новымі разнастайнымі сістэмамі лялек. Гэта майстар-класы, якія застаюцца з намі на ўсё жыццё.

— Апошнія 4 гады ў Магілёўскім тэатры лялек працуе галоўным рэжысёрам Вячаслаў Корнеў. Чым адметная яго дзейнасць?
Вячаслаў Корнеў папоўніў трупу тэатра моладдзю, выпускнікамі Магілёўскага вучылішча культуры. Ён шмат працуе як драматург, свае п’есы ўдала ўвасабляе ў спектаклі, якія карыстаюцца поспехам у магілёўскага гледача. Трэба адзначыць, што Вячаслава Сямёнавіча па-сапраўднаму хвалюе будучыня нашага тэатра, але ён не забывае пра мінулае і працягвае нашы лепшыя традыцыі. З прыходам Корнева тэатр актывізаваў сваю фестывальную дзейнасць і браў удзел у міжнародных фестывалях тэатраў лялек у Разані, Белгарадзе (Расія).

— На базе нашага тэатра калісьці таксама праходзілі лялечныя фестывалі?
Так, ініцыятарам Міжнароднага фестывалю “Лялька” ў 1993 годзе была дырэктар тэатра, а зараз дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Наталля Аўдзеева. На працягу трох гадоў у Магілёў прыязджалі артысты-лялечнікі з усёй Беларусі, Смаленска, Тэатра Сяргея Абразцова і Маскоўскага тэатра марыянетак. На жаль, фестываль гэты меў кароткае жыццё.

— Ці праўда, што лялечны акцёр павінен валодаць прафесіяй лепш, чым драматычны?
Не, я так не лічу. Тэатр лялек і тэатр драмы — два розныя віды мастацтва. А тое, што і сёння для нас, лялечнікаў, застаецца галоўным і непахісным маршакоўскае: “Для дзяцей трэба пісаць (а ў нашым выпадку — іграць), як і для дарослых, але крышачку лепей”— гэта праўда. Хаця нашы гледачы — не толькі дзеці. Такія п’есы сённяшняга рэпертуару, як “Вій”, “Асоль”, “Востраў напалам” у пастаноўцы галоўнага рэжысёра Вячаслава Корнева і галоўнага мастака тэатра Галіны Ігнаццевай, адрасаваны даросламу гледачу.

 /i/content/pi/cult/114/287/Gulnya.jpg
— Чым жыве Магілёўскі тэатр лялек напярэдадні свайго юбілею?
Распарадак жыцця звычайны — прэм’еры, рэпетыцыі, гастролі, фестывалі. На жаль, у будынку тэатра зараз ідзе рамонт, і мы вымушаны арандаваць залу, не зусім прыстасаваную да нашых лялечных спектакляў. Шмат ездзім па школах, дзіцячых садках.
Але ж усім вядома, як губляецца якасць асвятлення і гуку на выязных пляцоўках. Хочацца, каб гарадскія ўлады зрабілі ўсё магчымае і хутчэй скончылі рамонт будынка. Наша родная пляцоўка ў казачным “пернікавым” дамку, як ніякая іншая, да густу і гледачу, і акцёрам.

— І пад заслону: што б вы пажадалі свайму тэатру ў яго 30-годдзе?
Творчасці, новых цікавых пастановак, аншлагаў і апладысментаў, надзеі. А нашу надзею мы звязваем з маладым рэжысёрам, вучнем Аляксея Ляляўскага — Ігарам Казаковым. Мы верым ў малады талент, які заўсёды дае штуршок да новага, да эксперыменту. А ўжо мы, акцёры, не падкачаем. 

Гутарыла Людміла МАЦКЕЛА
Магілёў