Рафаэль у Нацыянальным мастацкім

№ 33 (901) 15.08.2009 - 21.08.2009 г

З 2 верасня па 5 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь будзе экспанавацца выстаўка “Жывапіс разца. Сюжэты і вобразы Рафаэля ў гравюры” — з калекцыі музея і прыватнага збору (Мінск). Гэта — гравюры, галоўным чынам, заходнееўрапейскіх майстроў XVIII ст., якія ўзнаўляюць рафаэлеўскія роспісы лоджый Ватыкана; фрэскі ў папскіх апартаментах (Станцах) у Ватыканскім палацы пачатку XVI ст., а таксама жывапісныя кардоны-эскізы шпалераў, якія створаны Рафаэлем для сцен Сіксцінскай капэлы.

 Менавіта ў XVIІІ ст. расквітнела так званая рэпрадуцыйная графіка, калі з'яўляецца ідэя ўзнаўлення мовай гравюры легендарнага архітэктурна-жывапіснага помніка, такога, як Лоджыі альбо Станцы Рафаэля, якая ўвасобілася ў вялікіх графічных серыях: "Лоджыі Рафаэля ў Ватыкане" і "Станцы Рафаэля ў Ватыкане". Гравюры стваралі вядомыя рымскія майстры-гравёры.

У экспазіцыі будуць прадстаўлены лісты з серыі гравюр "Хэмптонская Пінакатэка", буйнафарматныя гравюры па творах Рафаэля з цыклаў "Лоджыі" і "Станцы" і г. д.

На сённяшні дзень падобныя гравюры сталі вялікай рэдкасцю, і магчымасць сабраць іх на адной выстаўцы па-свойму унікальная.