Рэспубліка Беларусь: геральдыка і ўзнагароды

№ 19 (785) 12.05.2007 - 18.05.2007 г

10 мая ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя на тэму “Геральдычныя знакі і ўзнагароды Рэспублікі Беларусь”, прысвечаная Дню Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.

У прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел: член Геральдычнага савета пры Прэзідэнце РБ, доктар гістарычных навук Сяргей Расадзін, намеснік дырэктара Навукова-даследчага інстытута тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання Акадэміі ўпраўлення пры Прэзідэнце РБ Леў Крыштаповіч, намеснік начальніка факультэта генеральнага штаба Ваеннай акадэміі РБ Аляксандр Самовіч. 

У сваім выступленні С.Расадзін зазначыў, што сімволіка Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь мае старажытныя карані. Яе вытокі — у духоўнай культуры беларусаў, гісторыя якой сягае ў глыбіню стагоддзяў. У арнаменце сцяга вызначаюцца крыжы, сімвалізуючыя сонца, пад ім — сімвалы, якія азначаюць узаранае поле. Сімвалы сучаснага сцяга атаясамліваюцца з ідэяй дабра і справядлівасці. Тое ж самае адлюстравана і ў Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь, дзе ў сімвалічнай форме вызначаецца вера ў дабро і справядлівасць. 

С.Расадзін адзначыў, што вяртаюцца да жыцця старыя гербы старажытных гарадоў, ствараюцца новыя для новых гарадскіх асяродкаў. Быў адроджаны сталічны герб, на якім адлюстравана Маці Боская. Мінск атрымаў яго паводле каралеўскай прывілеі на пачатку ХVІІ стагоддзя. Усяго ў Беларусі апошнім часам адноўлена 200 старажытных гарадскіх гербаў. 

Дзяржаўны сцяг і Дзяржаўны герб РБ, зазначыў Л.Крыштаповіч, нясуць у сабе гуманітарны, міралюбівы патэнцыял. Яны сімвалічныя з пункта гледжання тых задач, якія сёння ставяцца перад беларускай дзяржавай: гэта ўваходжанне ў сусветную цывілізацыю і адэкватнае рэагаванне на выклікі часу. 

Да сімвалаў, у тым ліку да ўзнагарод, трэба ставіцца адказна, падкрэсліў у сваім выступленні А.Самовіч. Апошнім часам ордэны і медалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны выстаўляюцца на продаж на рынках і ў прыватных крамах. Не трэба забывацца на тое, зазначыў навуковец, што ўсе гэтыя ўзнагароды з’яўляюцца не толькі гонарам людзей, якія ваявалі на фронце і заваёўвалі перамогу, а і прадметамі ювелірнага мастацтва. 

За гады незалежнасці, распавёў А.Самовіч, у беларускай дзяржаве быў зацверджаны шэраг высокіх узнагарод. Сярод іх — медаль Героя Беларусі, ордэн Айчыны, ордэн Францыска Скарыны і медаль Францыска Скарыны. 

Наш кар.