Каралева і Сіндбад...

№ 32 (900) 08.08.2009 - 14.08.2009 г

У будучым тэатральным сезоне адразу тры сталічныя тэатры стануць на планавую рэканструкцыю і, адпаведна, застануцца без сваіх сталых пляцовак. Затое, на радасць аматарам сцэнічнага мастацтва, пасля чатырохгадовай рэканструкцыі адкрые свае дзверы Новы драматычны тэатр. Пра тое, калі гэта адбудзецца і што будзе прапанавана прыхільнікам Мельпамены, распавёў дырэктар установы Васіль МАРЦЕЦКІ:

 — Адкрыццё абноўленага тэатра і новага сезона, — распавядае Васіль Васільевіч, — адбудзецца 8 кастрычніка. У рамках беларускай праграмы ІІІ Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Панарама” пакажам найноўшую прэм’еру — спектакль “Каралева прыгажосці” па п’есе вядомага сучаснага ірландскага драматурга Марціна МакДонаха.
— Што ўяўляе з сябе Новы драматычны тэатр пасля рэканструкцыі? Ці змяніўся ён?
— Ды проста цалкам! Старая сцэна, да якой нашы гледачы прызвычаіліся, стала цяпер рэпетыцыйнай залай. А вось былая кіназала — тым месцам, куды мы цяпер будзем запрашаць на прагляды. Гэтая новая сцэна зроблена па ўсіх тэатральных правілах, абсталявана паваротным кругам, штанкетамі, светлавой і гукавой апаратурай, устаноўка якой, дарэчы, адбываецца гэтымі днямі. У новай зале будзе 167 зручных крэслаў.
— Чатыры гады — немалы тэрмін. Як удалося захаваць трупу?
— У гэты час мы не спалі ў шапку і значна “амаладзілі” творчы склад тэатра. Палова акцёрскай трупы — гэта нядаўнія выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Вось, дарэчы, сёлета па размеркаванні да нас прыйшло яшчэ чацвёра БДАМаўцаў. А разам з імі — у якасці рэжысёра — іх кіраўнік курса Міхаіл Кавальчык.
— Якім чынам з улікам усяго названага складзецца новая рэпертуарная афіша? Што ў пастановачных планах тэатра?
— Магу сказаць з гонарам: сярод тых 15 назваў, што будуць у новай афішы, большая частка — спектаклі, якія нам удалося захаваць, нягледзячы на “спартанскія” ўмовы працы цягам апошніх чатырох гадоў і адсутнасць сваёй базы. Акрамя таго, да вышэйзгаданай “Каралевы прыгажосці” мушу дадаць назву яшчэ адной прэм’еры мінулага сезона, якая таксама, упэўнены, знойдзе свайго гледача: “Лафантэн, або Белая кашуля з чорным каўняром” па п’есе беларускага драматурга Андрэя Карэліна. Што да планаў нашага тэатра, дык у рэпертуарным партфелі на бліжэйшы час — 6 п’ес. Я пакуль што не буду агучваць іх назвы: няхай гэта будзе сюрпрызам для гледачоў. Скажу адно: як толькі акцёры выйдуць з адпачынку, яны распачнуць працу над яркай і эфектнай музычнай казкай — “Сіндбад-мараход”.