— Адкрыццё абноўленага тэатра і новага сезона, — распавядае Васіль Васільевіч, — адбудзецца 8 кастрычніка. У рамках беларускай праграмы ІІІ Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Панарама” пакажам найноўшую прэм’еру — спектакль “Каралева прыгажосці” па п’есе вядомага сучаснага ірландскага драматурга Марціна МакДонаха.
— Што ўяўляе з сябе Новы драматычны тэатр пасля рэканструкцыі? Ці змяніўся ён?
— Ды проста цалкам! Старая сцэна, да якой нашы гледачы прызвычаіліся, стала цяпер рэпетыцыйнай залай. А вось былая кіназала — тым месцам, куды мы цяпер будзем запрашаць на прагляды. Гэтая новая сцэна зроблена па ўсіх тэатральных правілах, абсталявана паваротным кругам, штанкетамі, светлавой і гукавой апаратурай, устаноўка якой, дарэчы, адбываецца гэтымі днямі. У новай зале будзе 167 зручных крэслаў.
— Чатыры гады — немалы тэрмін. Як удалося захаваць трупу?
— У гэты час мы не спалі ў шапку і значна “амаладзілі” творчы склад тэатра. Палова акцёрскай трупы — гэта нядаўнія выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Вось, дарэчы, сёлета па размеркаванні да нас прыйшло яшчэ чацвёра БДАМаўцаў. А разам з імі — у якасці рэжысёра — іх кіраўнік курса Міхаіл Кавальчык.
— Якім чынам з улікам усяго названага складзецца новая рэпертуарная афіша? Што ў пастановачных планах тэатра?
— Магу сказаць з гонарам: сярод тых 15 назваў, што будуць у новай афішы, большая частка — спектаклі, якія нам удалося захаваць, нягледзячы на “спартанскія” ўмовы працы цягам апошніх чатырох гадоў і адсутнасць сваёй базы. Акрамя таго, да вышэйзгаданай “Каралевы прыгажосці” мушу дадаць назву яшчэ адной прэм’еры мінулага сезона, якая таксама, упэўнены, знойдзе свайго гледача: “Лафантэн, або Белая кашуля з чорным каўняром” па п’есе беларускага драматурга Андрэя Карэліна. Што да планаў нашага тэатра, дык у рэпертуарным партфелі на бліжэйшы час — 6 п’ес. Я пакуль што не буду агучваць іх назвы: няхай гэта будзе сюрпрызам для гледачоў. Скажу адно: як толькі акцёры выйдуць з адпачынку, яны распачнуць працу над яркай і эфектнай музычнай казкай — “Сіндбад-мараход”.