Пра балет ад Я да А

№ 32 (900) 08.08.2009 - 14.08.2009 г

У тым, што знакамітая Юлія Чурко ведае пра харэаграфію ўсё, і раней ніхто не сумняваўся: былая салістка Беларускага балета стала доктарам мастацтвазнаўства, прафесарам, аўтарам сямі манаграфій. Апошнім жа часам яна ўсё часцей дзеліцца сваімі ведамі не толькі са студэнтамі БДУКіМ і Акадэміі музыкі ды з калегамі-навукоўцамі, але і з самым шырокім колам аматараў — як балета, так і літаратуры, уключаючы прыхільнікаў жаночага “чытва”. Вось і цяпер: да свайго 73-годдзя выпусціла чарговую кнігу — “Банзай!”, дзе пад адной вокладкай змясціліся раман, своеасаблівы “трыпціх” аповесцей, адна з якіх вырашана стылізацыяй пад кінасцэнарый, і… мазаіка.

 Адкрываеш на любой старонцы — і закрыць ужо не можаш: зацягвае, бы той вір з 32-х фуэтэ. Развіваецца ж тая “залежнасць” пад амаль гіпнатычным уздзеяннем паэтызавана-іранічнай прозы, падобнай да рэзкіх батманаў, грацыёзных арабесак, мяккіх жэтэ, часам гуллівых, а тое і ваяўнічых “уколаў” сцэны “штыкамі”-пуантамі. Ды ўсё ж гэта не “літаратурны балет” з яго класікай і нават неакласікай, а, хутчэй, мадэрн-“літаратураграфія”, надзвычай пластычная, эратычная (менавіта так, я не хлушу!) — як, дарэчы, усё, што звязана з танцам. І — па-філасофску энцыклапедычная. Чытаеш, здавалася б, чарговы “жаночы погляд” на гісторыю кахання — і незаўважна для сябе пачынаеш мысліць на харэаграфічнай мове. А як іначай, калі ў гэтай незвычайнай “белетрыстыцы” каханне, побыт і балет знітаваны ў адзіную шматмерную фігуру адзінай жыццёвав і ртуальнай прасторы? Дарэчы , “энцыклапедычнасць” новай кнігі вытрымана нават на знешнім узроўні, бо тут ёсць і “Арлекін над сцэнай”, сціпла названы “мазаікай”, і раман “Япона-маці”, мелодыя якога гучыць, бы скрыпка Амаці ў руках японскіх віртуозаў, калі знаёмыя тэмы набываюць відавочна ўсходні “менталітэт”. А між тым, Юлія Міхайлаўна, у адрозненне ад сваіх вучняў, у Японіі ніколі не была. Так што падаю ідэю: да наступных дзён народзін правесці прэзентацыю яе рамана (магчыма, і ў перакладзе таксама) у Краіне ўзыходзячага сонца.