Рэгіяналізм — гэта найперш пачуццё

№ 32 (900) 08.08.2009 - 14.08.2009 г

Пабачыў свет ілюстраваны альбом-кніга “Сучаснае выяўленчае мастацтва Магілёўшчыны” (аўтар-складальнік — Святлана Строгіна). Гэта — першае выданне такога роду, прысвечанае 170 мастакам Магілёўшчыны, а таксама яе ўраджэнцам, якія пакінулі след у беларускай выяўленчай культуры. Некаторых з іх ужо няма з намі, іншыя — жывуць і працуюць у Мінску, Віцебску, Гомелі, Гродне, Пецярбургу, Маскве.

 Сярод “знакавых” імёнаў — В.Бялыніцкі-Біруля, П.Масленікаў, В.Грамыка, У.Стальмашонак, А.Бархаткоў, Г.Паплаўскі, І.Басаў, А.Асецкі, сённяшнія мастакі Магілёўшчыны, якія “робяць надвор’е” ў сучасным мастацтве: С.Абрамаў, В.Калтыгін, А.Ціткоў, У.Шпартаў, Г.Конанава, Л.Журавовіч, А.Ясюкайць, У.Рубцоў, А.Концуб, Ю.Несцярук, А.Сувораў і інш. У сваім уступным слове старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Пётр Руднік слушна адзначае, што “сучаснае выяўленчае мастацтва Магілёўшчыны — адна з самых яркіх старонак нашага краю, якая грунтуецца на векавых традыцыях беларускай і еўрапейскай класічнай культуры”, і што “рэгіяналізм — пачуццё асаблівай любові да малой радзімы, шчырае імкненне мастака да адлюстравання паэтычнай прыгажосці родных мясцін, глыбокая цікавасць да страчаных побыту, абрадаў і звычаяў”.

Аўтар альбома Святлана Строгіна распавядае пра гісторыю станаўлення і развіцця выяўленчага мастацтва рэгіёна на працягу XIV — XХ стст., пра няпростыя творчыя пошукі сучасных жывапісцаў, графікаў, скульптараў, прыкладнікоў краю і на аснове глыбокага вывучэння мясцовых мастацкіх працэсаў упэўнена заяўляе, што “выяўленчае мастацтва Магілёўшчыны будзе ў далейшым развівацца па шляху аднаўлення і пошуку новых вобразных рашэнняў, адлюстроўваючых праблемы, якія існуюць у жыцці...”

У альбоме пададзены біяграфіі мастакоў з дадаткам пераліку асноўнай літаратуры аб творчасці кожнага з іх, а 120 каляровых і чорна-белых ілюстрацый дадаткова раскрываюць яркую карціну творчага жыцця мастакоў Магілёўшчыны і яе ўраджэнцаў, пачынаючы з 30-х гадоў ХХ ст.

Ёсць, канешне, і некаторыя, у асноўным — фактычныя, памылкі. Напрыклад, не вызначана, што такія мастакі, як Г.Сурма, С.Нартава, У.Міхайлоўскі, В.Чайка, П.Драчоў, ужо, на жаль, пайшлі з жыцця. У альбоме ж усе яны “жывуць” у Мінску (Г.Сурма — у Брэсце). Але выданне кнігі з’яўляецца сапраўды значнай падзеяй, “інтэлектуальным і духоўным скарбам як для сучаснікаў, так і для будучых талентаў”. Кніга надрукавана ТАА “Белпрынт” пры падтрымцы Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта і Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.Масленікава. Няма сумнення, што яна будзе цікавая для мастацтвазнаўцаў, культуролагаў, выкладчыкаў школ і ВНУ, краязнаўцаў, музейшчыкаў і ўсіх аматараў прыгожага.