Будзе — 162!

№ 19 (785) 12.05.2007 - 18.05.2007 г

Напярэдадні Міжнароднага дня музеяў мы папрасілі начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры РБ Васіля ЧЭРНІКА даць кароткі агляд сучаснага стану музейнай галіны ў краіне.

— Зараз у сістэме Міністэрства культуры дзейнічаюць 138 музеяў і 57 філіялаў. У Брэсцкай вобласці — 12, Віцебскай — 28, Гродзенскай — 15, Гомельскай — 23, Мінскай — 19, Магілёўскай — 24, у Мінску — 3, музеяў рэспубліканскага падпарадкавання — 14. У музеях Рэспублікі Беларусь працуюць 3046 чалавек, з іх 1139 — музейныя спецыялісты, у тым ліку 107— з вышэйшай адукацыяй па музейнай справе, 651— з вышэйшай адукацыяй па профілі музея. Музейная сетка прадстаўлена ўсімі вядомымі тыпамі і профілямі музейных устаноў: краязнаўчымі, гістарычнымі, этнаграфічнымі, мастацкімі, прыродазнаўчымі, музеямі-запаведнікамі. 

Музейны фонд краіны налічвае звыш 3,8 мільёна адзінак захавання. Стварэнне Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду РБ дазволіць павысіць эфектыўнасць кантролю за яго захаванасцю, ідэнтыфікацыяй і папулярызацыяй культурных каштоўнасцей. 

Пашырылася і ўмацавалася міжнароднае супрацоўніцтва беларускіх музеяў у галіне выставачнай і рэстаўрацыйнай дзейнасці. У ліку апошніх міжнародных выставачных праектаў — выстаўка кітайскага жывапісу “Свет снегу і лёду”, “Жывая Калевала” з фондаў Музея выяўленчых мастацтваў Рэспублікі Карэлія (у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі), персанальныя выстаўкі народнага мастака Расіі Васіля Несцярэнкі, сумесная выстаўка сучасных мастакоў у Цэнтральным музеі сучаснай гісторыі Расіі. У сярэднім за год у музеях нашай краіны праходзяць больш за 2 тысячы выставак, музейныя экспазіцыі і выстаўкі наведваюць больш за 3,5 мільёна чалавек. 

Разам з тым, недастатковасць экспазіцыйных і выставачных плошчаў абмяжоўвае магчымасці паказу музейных фондаў. У пашырэнні плошчаў маюць патрэбу Барысаўскі дзяржаўны аб’яднаны музей, Дзяржаўны музей прыроды і экалогіі РБ, Івацэвіцкі краязнаўчы музей. У рэстаўрацыі маюць патрэбу больш за 140 тысяч музейных прадметаў — 5,3 % ад усяго Музейнага фонду. У 2006 г. у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі адкрыўся Рэспубліканскі цэнтрі лабараторыя прэвентыўнай кансервацыі. На базе музея праведзена першая школа прэвентыўнай кансервацыі, слухачамі якой сталі 18 супрацоўнікаў з 11 дзяржаўных музеяў. У 2006 г. у развіццё прынятага ў 2005 г. Закона РБ “Аб музеях і Музейным фондзе РБ” быў распрацаваны шэраг нарматыўных прававых актаў, якія рэгламентуюць дзейнасць музеяў. Вялікая праца праведзена па выкананні даручэння Прэзідэнта РБ па рэалізацыі прапаноў Камітэта дзяржаўнага кантролю па забеспячэнні захаванасці гісторыка-культурных каштоўнасцей, актывізацыі і павышэнні эфектыўнасці працы музеяў. Да лістапада 2007 г. павінна завяршыцца поўная зверка прадметаў Музейнага фонду РБ.

У адпаведнасці з Праграмай развіцця музейнай справы РБ на 2006 — 2010 гг. Міністэрства культуры сумесна з абласнымі і раённымі выканаўчымі камітэтамі плануе:
— рэканструяваць 53 старыя музейныя будынкі;
— камп’ютэрызаваць сістэму ўліку музейных фондаў;
— стварыць адзіны Дзяржаўны каталог Музейнага фонду РБ;
— адкрыць 24 новыя музеі.