Што здарылася ў Цэнтры рамёстваў?

№ 32 (900) 08.08.2009 - 14.08.2009 г

Сітуацыя Колькі нумароў таму наша газета ў рубрыцы “Родная зямля: час крэатыву” пісала пра надзвычай актуальную ў час летняй спёкі тэму — пажарнай бяспекі. Гаворка ў матэрыяле вялася пра згарэлы Марохараўскі СДК і пра стан пажарнай бяспекі ва ўстановах культуры Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. І зусім невыпадкова падзагаловак да матэрыялу нагадваў: “Варта звярнуць увагу кожнай установе культуры рэспублікі!”.

 І вось — чарговае надзвычайнае здарэнне: паводле паведамленняў СМІ, у ноч з 1 на 2 жніўня згарэў Цэнтр рамёстваў у вёсцы Морач Клецкага раёна Мінскай вобласці. Чаму гэта адбылося і якія страты прынёс агонь мясцовым культработнікам? Пра гэта даведаўся наш карэспандэнт.

Па словах прэс-сакратара Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Настассі Клебан, выклік у абласное ўпраўленне МНС паступіў у пачатку другой гадзіны ночы. Па трывозе на месца здарэння выехала 7 пажарных падраздзяленняў з Клецкага і суседніх раёнаў Мінскай вобласці, а таксама падраздзяленне штаба па ліквідацыі надзвычайных сітуацый з Салігорска. Першыя два падраздзяленні прыбылі да месца пажару праз 10 хвілін пасля трывогі. Але на той момант на будынку Цэнтра рамёстваў ужо гарэў дах...

Як папярэдне ўстанавіла следства, распаўсюджванне пажару пачалося з ганка будынка. Таму цяпер пажарныя разглядаюць дзве версіі: падпал Цэнтра рамёстваў і неасцярожнае абыходжанне з агнём. Канчатковую прычыну высветляць эксперты Міністэрства па н а д з в ы чайных сітуацыях. На жаль, і Цэнтр рам ё с т в а ў вёскі Морач не быў аснашчаны ні сістэмай п а ж а р а т у шэння, ні ахоўнай сігналізацыяй. А на неабходнасць усталявання такіх сістэм ва ўстановах культуры Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці менавіта і засяроджвала ўвагу наша газета. Як расказала “К” начальнік аддзела культуры Клецкага райвыканкама Святлана Чалык, па папярэдніх звестках, страты ад пажару ацэньваюцца прыкладна ў 20 мільёнаў рублёў з улікам кошту самога драўлянага будынка, які быў узведзены яшчэ ў 1969 годзе. Ягоная рэканструкцыя адбылася ў 1992 годзе, а Цэнтр рамёстваў размясціўся тут у 1999 годзе.

У чатырохпакаёвым будынку былі прадстаўлены вырабы з лазы, саломкі, вышыўкі і керамікі, усяго — каля 70 вырабаў народнай творчасці. Усе яны згарэлі. На дадзены момант супрацоўнікі згарэлага Цэнтра рамёстваў працуюць у цагляным адрамантаваным будынку вёскі Морач, у якім аддзел культуры планаваў адкрыць цэх бандарства і дзе сёлета амаль скончаны рамонтныя работы. Тое, што на цяперашні момант усе супрацоўнікі ўстановы культуры працуюць у адрамантаваным будынку ў вёсцы Морач, пацвердзіў “К” таксама і начальнік упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Анатоль Акушэвіч.

Па каментарый наш карэспандэнт звярнуўся і ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

— Цяпер вядзецца расследаванне, прычына пажару ўстанаўліваецца, — такую інфармацыю прадаставіў “К” галоўны спецыяліст упраўлення навучальных устаноў і кадраў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Іван Лагаш. Паводле слоў Івана Іванавіча, праблема пажарнай бяспекі ва ўстановах культуры рэспублікі патрабуе абавязковага абмеркавання.

Таму ў бліжэйшых нумарах нашай газеты чытайце матэрыял, прысвечаны гэтай актуальнай на сённяшні дзень тэме. Пакуль жа зноў паўторым сказанае ў мінулы раз: на гэтыя пытанні варта звярнуць увагу кожнай установе культуры рэспублікі!

На здымку: месца пажару ў Морачы.
Фота прадастаўлена прэс-службай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь



Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"