“Конкурсны час эстраднага вымярэння”

№ 19 (785) 12.05.2007 - 18.05.2007 г

Канец вясны і пачатак лета – самы, бадай, “конкурсны” час эстраднага вымярэння. Літаральна два тыдні таму адбыўся заключны тур Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай песні, у гэтыя дні ўсе жывуць “Еўрабачаннем”, не за гарамі – Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, а за ім – Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Ці ж не час паразважаць над конкурснымі тэндэнцыямі і праблемамі нашай эстрады? З гэтымі пытаннямі мы і звярнуліся да мастацкага кіраўніка Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі, народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла ФІНБЕРГА

— Тое, што я з’яўляюся старшынёй адборачных тураў на міжнародныя конкурсы “Славянскага базару ў Віцебску”, “Еўрабачання”, — пачаў ён размову “з месца ў кар’ер”, — яшчэ ні аб чым не гаворыць. Усе рашэнні мы прымаем калегіяльна, і мае думкі, здараецца, разыходзяцца з меркаваннямі іншых членаў журы — гэта нармальная з’ява. Я не магу, зразумела, цалкам адказваць за вынік — і ніводнае журы не ў стане “прадказаць” у дэталях далейшае развіццё падзей. Але ўсе мы разумеем, наколькі адказная гэта справа, таму ставімся да яе вельмі сур’ёзна і нават строга. Спадзяёмся, што наша праца будзе карыснай для ўсёй краіны і, у прыватнасці, для развіцця нацыянальнай эстрады.

— Але ж наколькі ўвогуле патрэбны конкурсы?
— Конкурсы неабходны. І мэты іх павінны быць не толькі “блізкімі”, але і “далёкімі”, бо конкурс дазваляе высветліць, хто лепшы, паглядзець на ўсіх у параўнанні, пераканацца, каго прасоўваць далей, у тым ліку на міжнародным узроўні, і тады ўжо ствараць для гэтага ўсе ўмовы.

— Конкурсаў самага рознага маштабу — ад раённых, рэгіянальных і вышэй — у нашай краіне зараз шмат. Ці трэба прымяркоўваць іх да пэўных падзей? Маўляў, трэба будзе вылучыць “кандыдата” на ўдзел у замежным конкурсе — арганізуем спаборніцтва. А не трэба — не будзем. Ці павінна існаваць сярод конкурснага суквецця нейкая сістэма “субардынацыі”?
— Такой сістэмы ў свеце не існуе, але ў межах краіны яна існаваць павінна.

— ?!
— Зараз растлумачу. Я напісаў дакладную запіску ў Міністэрства культуры краіны і выказаў у ёй прапанову, каб і на “Еўрабачанне”, і на конкурс “Славянскага базару ў Віцебску”, і на іншыя падобныя форумы, што маюць гэткі рэзананс у свеце, адбіраліся, найперш, пераможцы Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні. Сёння такой узаемасувязі паміж конкурсамі няма. І дарма! Усё гэта ў гісторыі нашай музычнай культуры ўжо было. Толькі не на эстрадзе, а ў акадэмічных жанрах. Малады выканаўца павінен быў перамагчы спачатку на рэспубліканскім конкурсе, потым— на ўсесаюзным. І толькі пасля гэтага атрымліваў магчымасць прадстаўляць краіну на міжнародным узроўні.

— У гэтай сістэмы таксама былі свае “мінусы”:праз усесаюзнае “рэшата” надта мала трапляла нашых музыкантаў на замежныя спаборніцтвы.
— Сёння гэта ім не пагражае. Але ўнутры краіны такі адбор “лепшых з лепшых” весціся павінен. І конкурсаў, і самых разнастайных, як зараз кажуць, праектаў можа быць шмат, вельмі шмат. Але павінен быць і нейкі абагульняючы конкурс, які дазваляў бы акінуць вокам усе лепшыя маладыя сілы. І статус гэтага конкурсу павінен быць вельмі высокім.

— Дарэчы, зусім нядаўна адбыўся Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай песні, мастацкім кіраўніком якога вы былі. Ён пакінуў тэмы для роздуму?
— Канешне! Самім конкурсам і ўзроўнем яго ўдзельнікаў я застаўся задаволены. Напярэдадні быў падпісаны загад міністра культуры, на яго аснове ўсе абласныя ўпраўленні культуры сур’ёзна папрацавалі, у кожнай вобласці прайшлі адборачныя туры. Таму ўзровень канкурсантаў быў даволі роўны. Можа, не ўсе ўдзельнікі былі дастаткова яркія, але адно тое, што ўсе праспявалі “жыўцом” з аркестрам, ды на вялікай сцэне, з канцэртным асвятленнем, — гэта ўжо вялікі поспех. Па-другое, маладыя выканаўцы паказалі сваё стаўленне да беларускай песні, садзейнічалі яе папулярызацыі. Конкурс узрушыў усю краіну і, галоўнае, саміх беларускіх кампазітараў і паэтаў. Апошнім часам усё больш гучыць музыкі самадзейных аўтараў, з колькасцю праблем няма, а вось якасць мы страчваем. І калі прафесійныя кампазітары будуць заставацца ў баку ад гэтай справы, нам ніколі не атрымаць якасных вынікаў. А паглядзіце, якой шырокай была геаграфія ўдзельнікаў гэтага конкурсу! Яна ж сапраўды ахапіла ўсю краіну! Вядома, рэпетыцыі часам дэманстравалі крыху іншы вынік, але конкурс ёсць конкурс, і на журы я ніякага націску не аказваў. Хто не стаў лаўрэатам, той стаў дыпламантам, таму пераможцамі выйшлі ўсе. Так, хацелася б, каб канкурсанты былі яшчэ больш моцныя, але адразу не атрымаецца. На жаль, у Беларусі зараз страчаны конкурсныя традыцыі. Яны і раней былі не надта трывалымі, бо мелі над сабой вельмі моцны Усесаюзны конкурс артыстаў эстрады, на якім у свой час перамагалі Віктар Вуячыч, “Песняры”. Але ж сёння на конкурсах нам трэба не толькі выяўляць, хто стане лаўрэатам І, ІІ, ІІІ прэмій, але і выхоўваць творчыя асобы, якіх заўсёды не хапае. Вось у чым прызначэнне конкурсу! Сёння ўсім дадзена права стаць артыстам — без заканчэння не толькі вышэйшай, але нават і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Але перамагчы тыя цяжкасці, якія стаяць перад эстрадай, можа толькі яркая індывідуальнасць. Крытыкаваць эстраду стала ці не модай. А што робіцца для таго, каб яна была лепшай? Нацыянальны конкурс — гэта і ёсць тая канкрэтная справа, якую змог здзейсніць наш калектыў.

— Вы лічыце, гэта спаборніцтва сапраўды заняло лідзіруючае месца сярод разнастайных конкурсных праектаў?
— На жаль, не. Статус конкурсу пакуль вельмі нізкі. Удзел у ім часам спантанны. А павінна ж уся краіна рыхтавацца да яго год ці два. І, галоўнае, пераможца конкурсу павінен адразу станавіцца заўважным, атрымліваць выступленні на тэлебачанні, у прэстыжных канцэртных праграмах. Пакуль гэтага няма. Можна назваць многіх артыстаў, якія пасля атрымання прэмій на тых ці іншых конкурсах “сыходзілі ў цень”. Гэта не можа быць нормай. Тым больш, на конкурсах высокага рангу. Трэба не проста адсочваць лёс кожнага пераможцы, а… фарміраваць яго. Вось чаму над сістэмай і статусам конкурсаў у краіне трэба працаваць ды працаваць.Гэта не можа быць у цэнтры ўвагі адно канцэртных арганізацый, як наш калектыў,— гэтым павінны займацца ўсе, хто мае дачыненне да эстрады, і асабліва тыя, хто рэгламентуе эстрадную дзейнасць у краіне. Што было “галоўным прызам” на Нацыянальным конкурсе? Магчымасць выйсці на сцэну фестывалю ў Маладзечне. А побач— пераможцы тэлегульні “Дзве зоркі” атрымліваюць аўто. Ёсць розніца? Вось вам і конкурсны “статус”.

— Якімі ж бачацца вам крытэрыі конкурснай адзнакі? Падобна на тое, што на розных конкурсах яны розныя.
— Так, на тым жа “Славянскім базары ў Віцебску” адны крытэрыі, на “Еўрабачанні” — зусім іншыя. Залежаць яны і ад ментальнасці краіны, што праводзіць конкурс, і ад яе культурнага ўзроўню. Нарэшце, уласна ад прыярытэтаў членаў журы (і пра гэта павінны дбаць арганізатары, запрашаючы тую ці іншую творчую асобу). Але якімі рознымі ні былі б гэтыя крытэрыі, усе яны зыходзяцца ў адным: у прафесіяналізме. Ці хаця б уімкненні да яго. Яшчэ адным вельмі важным складнікам павінна быць нацыянальная сутнасць таго мастацтва, якое прапаноўвае канкурсант. Некаторыя лічаць, што калі песня спяваецца па-беларуску, гэта ўжо і ёсць нацыянальнае ў вышэйшай ступені. Але ж ёсць і музычная мова! Трэба разумець прыроду беларускай песні, адчуваць яе драматургію, стыль, нават філасофію. Каб данесці ўсю гэтую сэнсавую сутнасць, трэба шмат вучыцца. Трэба “жыць” у песні — і “пражываць” кожную наступную кампазіцыю. Бо на ўнутранае адчуванне спевака, якое перадаецца слухачам, уплывае не толькі яго прыродная энергетыка і пэўны настрой, але і ўвесь той кругагляд і светаадчуванне, што ў яго за плячыма. Але і гэта не ўсё! Яшчэ адзін крытэрый мне адкрылі на Захадзе. Кожны раз, слухаючы таго ці іншага канкурсанта, трэба задавацца пытаннем: ці ёсць у яго выкананні хоць нейкі элемент навізны. Калі няма, дык навошта нам яшчэ адзін такі ж, як астатнія? Перапяваць чужое, не прыўносячы ў яго сваё, не цікава. Гэта відаць нават на самадзейным узроўні: ці шукае чалавек штосьці сваё, ці нават не збіраецца. Такім чынам, атрымліваюцца тры асноўныя крытэрыі: прафесіяналізм, стаўленне да нацыянальнага і элемент навізны. Першы з гэтых складнікаў “адказвае” за агульны ўзровень развіцця мастацтва — хаця б па прынцыпе “не ніжэй за пэўную планку”. Другі дапамагае захоўваць нацыянальныя традыцыі і дэманстраваць сваю нацыянальную адметнасць у свеце. Ад трэцяга ж залежыць далейшае развіццё мастацтва, імклівасць руху наперад ці, наадварот, таптанне на месцы і бег па крузе. Сукупнасць гэтых складнікаў дапаможа нам атрымліваць не толькі новыя імёны, але і новыя кірункі ў мастацтве. І зноў-такі, дзякуючы конкурсу! Элементы новага часта ўзнікаюць выпадкова, непрадказальна, прычым не абавязкова ў прафесіяналаў.Часцяком — у непрафесійных артыстаў, не абцяжараных правіламі, што і як трэба рабіць, каб гэта было, “як у людзей”. Але як павінны рэагаваць на гэта прафесіяналы? Іх абавязак — заўважыць у пэўнай мастацкай з’яве лепшае, адкінуць тое, што яе псуе, далучыць трывалыя нацыянальныя рысы і атрымаць “цукерачку”, якая прывабіць самых заўзятых гурманаў. 

Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ