З нацыянальнай калекцыі

№ 32 (900) 08.08.2009 - 14.08.2009 г

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь перадаў 11 ікон свайму філіялу — Добрушскаму раённаму краязнаўчаму музею. Жыхары і госці горада маюць магчымасць пабачыць іх упершыню пад час выстаўкі “Святая Белая Русь”, якая адкрываецца сёння, 8 жніўня. Іканапісная школа Гомельшчыны прадстаўлена тут хоць і невялікай колькасцю твораў, але на іх прыкладзе можна прасачыць многія яе асаблівасці.

 Іконы з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея датуюцца XIX — пачаткам XX стст. Загадчык аддзела старажытнабеларускага мастацтва Алена Карпенка адзначае, што для ўсіх выяў характэрны такія рысы, як народнае светаўспрыманне і непаўторныя інтэрпрэтацыі абліччаў святых, высокая дэкаратыўнасць, прысутнасць раслінных элементаў — руж, квецені яблынь, галінак дрэў, барочных букетаў і гірлянд, шматкаляровасць. Паважаючы каноны, якія існавалі з часоў Візантыі, беларускія іканапісцы абапіраліся таксама і на свае ўяўленні аб рэлігіі. Як можна бачыць па творах, святыя на іх блізкія да ўяўленняў аб іх народа. Цэнтр іканапісу Гомельшчыны, згодна з даследаваннямі навукоўцаў, знаходзіўся ў Ветцы. У мясцовых работах прасочваецца непарыўная сувязь з іконамі, створанымі на тэрыторыі Чарнігаўскіх земляў. Найчасцей у творах сустракаецца Божая Маці Адзігітрыя, а таксама выявы Міколы Цудатворца, святых Варвары і Кацярыны, святога Георгія Змеяборца, Пакрова Божай Маці.

Адкрыццё экспазіцыі адбылося адначасова са святкаваннем II Славянскага культурнага фестывалю “Спасаўскі кірмаш”. На фестывальных пляцоўках у добрушскай зоне адпачынку “Востраў” сабраліся творчыя калектывы Беларусі, Расіі і Украіны, якія прадэманструюць творы народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, стравы нацыянальнай кухні, выступяць з музычнымі нумарамі.