Дарогаю ў райскі сад - Як зрабіць выстаўку сапраўдным адкрыццём?

№ 31 (899) 01.08.2009 - 07.08.2009 г

Філіял Веткаўскага музея народнай творчасці існуе ў Гомелі ўжо некалькі гадоў. Выстаўкі, што ладзяцца там, нязменна выклікаюць вялікую цікавасць. Ды ўсё ж спецыялісты, што займаюцца традыцыйнай культурай, ведаюць: самае цяжкае — прэзентаваць яе творы сучаснаму гледачу такім чынам, каб не зрабіць безаблічную “беларускую хатку”, не прадставіць шэраг аднатыпных рэчаў, дзе хараство зачэзне ў нявызначанасці, а таксама не ператварыць сапраўдныя рэчы-сведкі гісторыі ў “цацкі” сучаснага выгляду.

Дарожныя літыя іконы. Фрагмент экспазіцыі Як ні дзіўна, шлях “гульні” — самы небяспечны, але і самы перспектыўны. Толькі адасабляйце, вылучайце сапраўдную рэч: менавіта яна — пасланнік Часу, вястун пра Мінуўшчыну. Тут, быццам па лязе нажа, творца канцэпцыі ідзе па лініі выставачнага сюжэта, выбудоўваючы яе, нібыта вузкі масток сапраўднасці. Сакрэт у тым, што сама традыцыйная культура мысліць не побытавымі сцэнамі або сістэматычнымі шэрагамі, а менавіта рухам, траекторыямі, касмалагічнымі сімваламі. Яна сягае ў глыбіню нашай падсвядомасці праз адвечныя архетыпы: бацькоў і дзяцей, вандроўніка, аратага, ваяра, нявесты, урэшце — спрадвечнага дзіцяці, што жыве ў глыбіні кожнай душы. Узнаўляйце ўсё пералічанае (на падставе слушнага этналагічнага доследу) — і атрымаеце адну з выставак-адкрыццяў. Удачы на гэтых музейных шляхах выклікаюць давер наведвальнікаў, улад. Таму і атрымаў Веткаўскі музей цудоўны падарунак у Гомелі: арэнду аднаго з асабнякоў у комплексе палацава-паркавага ансамбля, над сожскім абрывам, побач з капліцай і Пятрапаўлаўскім саборам. Чатыры залы — чатыры “пастаянныя” тэмы, што адлюстроўваюць Традыцыю з розных бакоў. Канкрэтныя экспазіцыі ў кожнай зале-тэме перыядычна змяняюцца, ракурсы адлюстравання— застаюцца. Дык пра якія “пастаянныя” тэмы гаворка?
Першая — “Шэдэўр” (выстаўка аднаго твора ў кантэксце культурнай Традыцыі). Другая — “Чалавек Традыцыі” (усё, што выстаўляецца, накіравана на раскрыццё ўнутранага свету традыцыйнай асобы і яе стасункаў з асяроддзем. Трэцяя — “Рэч як тэкст Традыцыі” (творы— ад іконы да ліштваў і ручніка або строю адзення — расшыфроўваюцца: адкрываюць таямніцы арнаменту ці іканаграфіі, сэнс кампазіцый, месца ў гісторыі жывапісу і г. д.). Чацвёртая — “Жывое рамяство” (старыя кросны спраўныя, як і снавальня, і самапрадкі, і пяльцы, — сядай, паспрабуй, табе пакажуць, як гэта зрабіць, — хаця б і пад час экскурсіі). Тым больш, што ў выніку актыўнай экспедыцыйнай дзейнасці назапашаны багатыя калекцыі старых узораў, тэхналогій, архаічных знакаў, і усё гэта вывучаецца. Такі выставачны комплекс працуе пакуль першы год. Але здаецца, што добраахвотнае “прымерванне” кананічных рамак дае магчымасць большай свабоды і, адначасова, дакладнасці ў пабудове новых экспазіцый. Да таго ж, падобная стратэгія дазваляе прадстаўляць усё новыя “тэксты” для сучаснага гледача. Вось прыклады экспазіцый, што дзейнічаюць цяпер. Дзве з іх адкрылісяСтаронка “Святаў” — веткаўскага рукапісу 1822 года нядаўна.
У маленькай зале “Шэдэўр”, што нагадвае куфэрак, — “Птушкі ў райскім садзе” (вобраз птушкі ў кніжным мастацтве на прыкладзе “Святаў” — ілюстраванага рукапісу пачатку XIX ст. са стараверскай слабады Косіцкая). Зразумела, што дэманстрацыя сапраўднага шэдэўра суправаджаецца “тэхналагічнымі нацюрмортамі” са старымі фарбамі, прыладамі пісьма. Тут ёсць і расшыфроўкі сімволікі кніжнага арнаменту і сярэднявечных вобразаў “райскіх птушак”, гісторыя “птушынага стылю” ў кнігах, мноства старонак з выявамі птушак з іншых веткаўскіх рукапісаў. Знайшлося месца і для старонак гісторыі самой слабады. У “зялёнай” зале “Чалавек Традыцыі” разгорнута выстаўкашлях “Дам тебе я на дорогу образок святой…”. Стараверы, у тым ліку і веткаўскія, шмат часу аддавалі вандраванням, адыходным промыслам, плаванням па рацэ. У дарозе чалавека здаўна суправаджала літая іконка. Некаторыя з іх прысвячаліся ахове вандроўніка альбо апекаванню прафесіяй, абароне ад злых сіл. Паступова раскрываюць свае сэнсы калекцыя літых ікон і жывапісных абразоў з устаўкамі ліцця, літых абразкоў, паходныя іканастасы, дарожныя іконы, “гаючыя, цаляшчыя” іконы, паўстае перад намі гісторыя літых стараверскіх іконак у іх сувязі з археалагічнымі літымі амулетамі, пачынаючы са “змеевіка” XII стагоддзя... І ўсё гэта — у кантэксце побытавай і духоўнай культуры старой Веткі: “Дом”, “Свята”, “Бласлаўленне”... Шмат фотаздымкаў старых людзей, іх выказванняў, аповедаў пра мінулае... І яшчэ — жывапісныя “вокны” ў гісторыю і вечны пейзаж. У іх “убудаваны” вобразныя комплексы: “Рака і рачныя промыслы”, “Вобраз дарогі ў лёсе старавераў”.
У “чырвонай” зале “Тэкст Традыцыі” нядаўна адкрылася выстаўка “Сялянскі хрысціянскі Мінскія рэстаўратары знайшлі пад абразам “Цуд Георгія” — “Траеручыцу”. XVIII ст Бог” — аб цудоўным адкрыцці з’явы бабіцкага народнага жывапісу. Іконы XVIII — пачатку XX стст., работы мясцовых майстроў з вёскі Бабічы, упершыню прадстаўлены ў сумесным праекце Чачэрскага і Веткаўскага музеяў — уладальнікаў найбольш выразных калекцый твораў гэтых майстроў. Упершыню мы зазірнулі ў таямнічы свет і сусвет гэтых счарнелых старых абразоў праз “вокны”, адкрытыя з дапамогай рэстаўратараў, — у колішніх работах мінскіх спецыялістаў і ў сённяшніх— уласных майстроў Веткаўскага музея. Свет, які адкрыўся, сапраўды захоплівае: шматколернасцю, выявамі персанажаў у іх патаемным жыцці... Розныя культурныя імпульсы адбіліся на з’яве бабіцкага іканапісу: рэнесансны подых, эмацыйнасць барока, архаіка сялянскага праваслаўя — у асэнсаванні сельскіх мастакоў. Можна прасачыць за іканаграфічным развіццём некаторых сюжэтаў — “Пакроў”, “Каранаванне Багародзіцы”. Прычым праз усю выстаўку “гучаць” два галасы: думка мастацтвазнаўцы і ўласныя “выказванні” бабіцкай традыцыі— аб сэнсах дыялога паміж чалавекам і Богам.