Зерне чысцілі з... арфай

№ 31 (899) 01.08.2009 - 07.08.2009 г

Пры нашай установе пазалетась быў створаны пакой-музей “Адамоўская святліца”. Ён прывівае чытачам любоў да роднага краю, вучыць захоўваць і памнажаць здабыткі малой радзімы...

Мясцовыя жыхары пайшлі нам насустрач і пачалі ахвяраваць “Адамоўскай святліцы” адмысловыя рэчы. Так у музеі з’явіліся вышываныя карціны, ручнікі, старадаўнія прылады працы... У цяперашнім “фондзе” — каля 200 экспанатаў. Глядзіш на іх і думаеш: “Што мы страцілі з гэтай спадчыны? А што прыдбалі за свой век?” Уздыхаць па старых рэчах, безумоўна, не выпадае, але ведаць, як жылі нашы дзяды-прадзеды, неабходна!
“Адамоўская святліца” — вобраз матчынай хаты. Тут ёсць стол, услон, ложак, калыска, дзе спіць немаўля, печ, якая і грэе, і корміць, і лечыць. На покуці — абразы. Побач — галінкі асвечанай вярбы, жытнёвыя каласы і травы. А на стале — дар Божы — Хлеб. Дарэчы, у пакоі-музеі сабраны хлебаробскі рыштунак, зроблены рукамі нашых майстроў: сявенька — з якой сеялі зерне, цэп — ім малацілі снапы, арфа і рэшата — для ачысткі зерня...
Аднак не толькі працаваць умелі землякі, але і весяліцца: за працай ды на вячорках. Гралі на дудках, свісцёлках, лыжках, скрыпках, цымбалах, гармоніках. Сярод экспанатаў — музычныя інструменты, а таксама абутак, паясы, адзенне, вышываныя дарожкі.