Цень ад агеньчыка

№ 31 (899) 01.08.2009 - 07.08.2009 г

У Беларускім тэатры “Лялька” адбыўся прэм’ерны паказ спектакля “Хлопчык і цень”. Гэта філасофская казка для вялікіх і маленькіх па п’есе пецярбургскага драматурга Кіры Чаркаскай «Таямніца мігатлівых агеньчыкаў».

Новая пастаноўка “Лялькі” пра тое, што ў кожнага чалавека павінна быць свая мара, свая зорка, якая дапамагае яму паспяхова ісці па жыцці, калі той не адмаўляецца ад яе, не паддаючыся ніякім страхам. “Мы звярнуліся да вельмі складанага матэрыялу: гэта сучасная п’еса пра тое, як у чалавека хочуць забраць ягоную мару,— расказвае пастаноўшчык спектакля, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Віктар Клімчук. — Галоўны герой— звычайны Хлопчык, які марыць граць на скрыпцы, але камусьці гэта не вельмі падабаецца... Хлопчык чуе мелодыю ў сваім сэрцы, але спачатку ніхто, нават Мама і Тата, не верыць, што ў яго атрымаецца сыграць яе. Злая сіла адбірае ягоную мару. Але, як заўсёды, перамагае дабро: у фінале Хлопчык глядзіць у вочы сваёй Мары, і яна застаецца з ім”. Трэба звярнуць увагу, што спектакль прызначаны, найперш, для гледачоў малодшага школьнага ўзросту. Дзеянне насычана спецыяльнымі светлавымі і гукавымі эфектамі. Галоўныя ролі ў спектаклі выканалі Яўген Гусеў, Алег Рыхтэр, Ларыса Мартынава, Вольга Маханькова, Наталля Гайдук і іншыя. Гледачы ўбачаць спектакль ужо ў новым тэатральным сезоне.

Віцебск