Саундтрэк, вяртанне і... каханне

№ 31 (899) 01.08.2009 - 07.08.2009 г

Шэраг навін на гэтым тыдні прапануе Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”.

кадр з фільма “Ваўкі”.Завяршаецца абнаўленне тэхнічнага абсталявання. Распачала працу сучасная гуказапісваючая апаратура на вытворчым комплексе “Тон-студыя”. Першай стужкай, гукавая дарожка да якой цалкам запісваецца ў Мінску, сталі “Ваўкі” Аляксандра Колбышава. З запускам новай тон-студыі “Беларусьфільм” атрымаў магчымасць канчаткова стаць аўтаномным ад замежных партнёраў у тэхналагічных пытаннях. Раней большую частку працы над гукавымі эфектамі даводзілася весці ў Маскве на кінастудыі “Мосфильм”. Першымі новае гукавое абсталяванне “Беларусьфільма” апрабавалі вядомыя артысты Уладзімір Гасцюхін і Андрэй Панін, якія выконваюць у “Ваўках” галоўныя ролі. На студыі паведамілі, што асноўная частка моўнага агучвання завершана і зараз ідзе праца над гукавымі і візуальнымі эфектамі. “Ваўкі” павінны быць гатовы ў канцы кастрычніка і будуць прадстаўляць нашу краіну на Мінскім міжнародным кінафестывалі “Лістапад”, які пройдзе 14 — 21 лістапада. У бліжэйшы час і студыя “Летапіс” РУП “Беларусьфільм” рыхтуецца да выпуску трох новых стужак. Хранікальна-дакументальны фільм “Подзвіг разведчыкаў” (працоўная назва — “Беларус, які выратаваў Кракаў”) Анатоля Алая апавядае пра герояў Вялікай Айчыннай вайны Аляксея Бацяна і Яўгена Беразняка. “Вяртанне Радзівілаў” Мікалая Князева паказвае жыццё нашчадкаў знакамітага магнацкага роду. А малады аўтар Аляксандр Бондараў прэзентуе свой дэбют: стужку “Знайсці каханне” пра жыццё школыінтэрната ў Віцебскай вобласці. Усе прэм’еры — адметныя і, як паведамілі “К” у прэс-службе “Беларусьфільма”, адны з самых чаканых у гэтым годзе. “Подзвіг разведчыкаў” — яшчэ адзін фільм-даследаванне, якімі так славіцца Анатоль Алай. Гэтым разам ён адкрывае чарговую, раней невядомую, старонку гісторыі і расказвае пра подзвіг беларуса Аляксея Бацяна, які, як і знакаміты “Маёр Віхар”, выратаваў ад разбурэння горад Кракаў. Аднак належнай узнагароды Бацян у свой час не атрымаў, і толькі два гады таму, пасмяротна, быў уганараваны “Залатой Зоркай” Героя Расіі.
Стужка Мікалая Князева таксама зазірае ў мінулае, але ў выпадку з “Вяртаннем Радзівілаў” гісторыя цесна пераплецена з нашымі днямі, бо ў ёй дзейнічаюць сыны пахаванага ў сямейным нясвіжскім склепе Антонія Радзівіла. Рэжысёр на прыкладзе раскіданага па свеце “гнязда” магнатаў робіць спробу асэнсавання шэрагу праблем існавання краіны ў час глабалізацыі.
Гераіня фільма-дэбютанта Аляксандра Бондарава — дзяўчына Лена, якая выхоўваецца ў школеінтэрнаце для дзяцей з запаволеным развіццём. З дапамогай унікальнай хронікі дзесяцігадовай даўніны рэжысёр робіць спробу перадаць складаны ўнутраны свет і пачуцці дзіцяці.