“Песняры”: экспартны варыянт

№ 31 (899) 01.08.2009 - 07.08.2009 г

30 ліпеня Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры” даў пяты за год канцэрт у сталіцы. Акрамя песень з новага цыкла на вершы Янкі Купалы, калектыў прэзентаваў кампазіцыі са свайго чарговага альбома, які выйдзе праз два тыдні, а яшчэ праз нейкі час— з’явіцца і ў Расіі.

 Гэты альбом, як паведаміў кіраўнік ансамбля Вячаслаў Шарапаў на прэс-канферэнцыі напярэдадні выступлення, выдаваўся па рэкамендацыі расійскіх партнёраў. І прызначаецца, пераважна, для распаўсюджвання на тэрыторыі СНД. Ён сімвалізуе, калі можна так сказаць, вяртанне “Песняроў” у расійскую і, шырэй, постсавецкую прастору, дзе іх па-ранейшаму любяць і чакаюць: — Летась мы зрабілі два гастрольныя туры па Расіі. Паўсюль — абсалютныя аншлагі, уключаючы Канцэртную залу “Кастрычніцкая” ў Санкт-Пецярбургу. План па экспарце перавыкананы ў чатыры разы. Цікавасць да нашых выступленняў была такой вялікай, што само жыццё падказала неабходнасць новага альбома, дзе былі б таксама рускамоўныя песні. Што да абароны свайго таварнага знака, дык мы атрымалі пасведчанне міжнароднай рэгістрацыі. Таварны знак “Песняры” прызнаны агульнавядомым — гэта асаблівы статус. Такіх брэндаў у Беларусі ўсяго 9. Наша цяперашняя задача — экспарт. Хочам амаладзіць сваю расійскую аўдыторыю, не змяняючы пры гэтым кардынальна ні мастацкага кірунку ні стылістыкі. Таму лічым сваім здабыткам, што пад час расійскіх гастролей былі запланаваны не толькі выступленні, але і тэлеэфіры. Адзін з іх — удзел у вельмі прэстыжнай праграме “Суперхіт стагоддзя”, дзе ўзгадваюцца лепшыя песні мінулых гадоў. Што ж да хітоў ХХІ стагоддзя, дык рэпертуар “Песняроў” цяпер папаўняе не толькі сам В.Шарапаў, але і іншыя ўдзельнікі калектыву, ды не ў піку свайму кіраўніку, а па яго ўласнай ініцыятыве: — Кожны атрымаў папку з адабранымі мной вершамі Янкі Купалы. І — прапаноўваў свае песні. Гэты “купалаўскі” альбом павінен з’явіцца ўвосень. Усе песні— гатовыя, некалькі з іх засталося запісаць у студыі. Сярод іншых планаў — удзел у Міжнародным фестывалі “Залаты шлягер” у Магілёве, запрашэнне на які мы ўжо атрымалі. Магчыма, “даспеем” і да рок-оперы: тэатралізаваныя праекты былі неад’емнай часткай творчасці Уладзіміра Мулявіна, але шлях да іх быў не такім простым і хуткім. Пакуль жа прыкладам тэатралізацыі ў “Песнярах” служыць песня “Жоўтая кветка”: яна і на “Славянскім базары ў Віцебску” гучала, і ў новы альбом увайшла:
— Рэжысёры нас часта прасілі: дайце што-небудзь вясёлае. Нарэшце, такая песня нарадзілася. Яе герой — гэткі з’едлівы Несцерка, бо “Песняры” заўсёды былі схільныя да лёгкага эпатажу. У вобразе Несцеркі на сцэне з’яўляўся не хто іншы, як Ігар Кузняцоў, чые фотаздымкі чытачы “К” рэгулярна бачаць на нашых старонках: ён цяпер працуе адміністратарам ансамбля. А з новага сезона ў калектыве можа з’явіцца яшчэ адзін удзельнік— лаўрэат Міжнароднага конкурсу “Віцебск-2009” Андрэй Коласаў. Рыхтаваў яго да гэтага творчага спаборніцтва сам В.Шарапаў і, нягледзячы на абмежаваны, паводле аб’ектыўных прычын, рэпетыцыйны працэс, застаўся задаволены сваім “падначаленым”:
— Галоўным крытэрыем для адбору “песняроўскага” складу з’яўляецца музычнасць прэтэндэнтаў— тая наяўнасць “музыкі ў сабе”, якую яны нясуць. Андрэй Коласаў — надзвычай музычны. Ён увогуле вельмі “песняроўскі” хлопец: просты, душэўны, пазбаўлены артыстычнага пазёрства і масава распаўсюджанай вакальнай манернасці. Думаю, ён здагадваецца аб нашай прапанове і прыме яе.


Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"