Каментарыі з нагоды

№ 31 (899) 01.08.2009 - 07.08.2009 г


“На ўсе сто! А добра б— яшчэ крыху больш”
Аляксандр РАШЧУПКІН, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт:
— Новая сістэма падліку балаў апраўдала сябе ў нашай творчай ВНУ, накіраванай на падрыхтоўку, не пабаюся гэтага слова, музычнай эліты краіны, на ўсе сто працэнтаў. Перавагу атрымлівалі папраўдзе адораныя музыканты, а не проста старанныя вучні, чые здольнасці могуць быць запатрабаваны ў іншых сферах, у тым ліку таксама звязаных з музыкай, мастацтвам, але крыху на іншым узроўні. Культурная прастора грамадства мае столькі розных ніш і адгалінаванняў, што кожны можа знайсці ў ёй сваё месца. Усе ж разумеюць, што далёка не кожны можа стаць алімпійскім чэмпіёнам, а любіць спорт, займацца ім і нават працаваць у галінах, звязаных з фізічнай культурай, — калі ласка! Так і ў музыцы. Звярніце ўвагу: апошнім часам усё большую запатрабаванасць маюць разнастайныя псіхалагічныя тэсты, іншыя спосабы праверыць схільнасць чалавека да таго ці іншага віду працы, каб яму потым не давялося змяняць спецыяльнасць ці мучыцца ўсё жыццё самому і мучыць навакольных. Што ж тады казаць пра творчасць!
Лічу, што цяперашні аб’ём прыёмных патрабаванняў і пакуль эксперыментальны варыянт уліку іх выканання — вельмі аптымальны. Бо ён ні ў якім разе не скідвае з рахунку агульнагуманітарную падрыхтоўку абітурыента. І гэта вельмі важна! Бо не можа быць добрым музыкантам чалавек, недасведчаны ў гісторыі і самой логіцы развіцця гістарычных працэсаў: тая ж гісторыя музыкі і іншых відаў мастацтваў непасрэдна звязана з агульнай гісторыяй чалавецтва і кожнага народа. Павінен валодаць чалавек і мовай: куды ж без яе? А сучаснаму музыканту мова патрэбна ўдвая, утрая. Бо ён адзін за адным штурмуе міжнародныя конкурсы, удзельнічае ў прэстыжных замежных фестывалях, гастрольных паездках і тым самым стварае высокі культурны імідж не толькі ўласна сабе і свайму творчаму калектыву, але і ўсёй нашай краіне. Невыпадкова, акрамя рускай і беларускай моў, літаральна кожны падобраму амбіцыйны наш студэнт імкнецца як мага лепш авалодаць адной ці нават некалькімі замежнымі мовамі, каб годна трымаць свой нацыянальны гонар у сусветнай культурнай прасторы. Разам з тым, на першае месца пры падліку ўсіх “за” і “супраць” выходзяць усё ж спецыяльныя дысцыпліны. Бо толькі яны даюць магчымасць “прымерыць” творчы патэнцыял абітурыента на патрабаванні, якія ў хуткім часе прад’явіць яму абраная спецыяльнасць. Тут важна ацэньваць не толькі цяперашні ўзровень музыканта, але і магчымасці ягонага далейшага творчага росту. А ў гэтай сферы адным уменнем назапашваць веды і прыкладаць іх на практыцы не абыдзешся — патрэбен крэатыў, самі прыродныя схільнасці.
Будзем спадзявацца, што цяперашні эксперымент хутка стане афіцыйна зацверджанай нормай. Але, відаць, чалавек так зроблены, што мяжы дасканаласці не бывае. Таму, мабыць, я дазволю сабе закрануць яшчэ адзін аспект прыёмных іспытаў, непасрэдна звязаны з музычнай спецыфікай. Паводле планаў прыёму, штогод мы павінны прыняць у нашу навучальную ўстанову пэўную колькасць прадстаўнікоў па той ці іншай спецыяльнасці. Але прырода талентаў мае і свае заканамернасці, і выключэнні з правілаў. Нараджэнне адораных музыкантаў — гэта не вытворчы канвеер, які працуе без збояў і адхіленняў. Часта так здараецца, што ў адзін год да нас прыходзіць больш, чым трэба паводле плана, здольных прадстаўнікоў адной музычнай прафесіі, у наступны— наадварот, больш прадстаўнікоў іншай. А што рабіць з такімі рэдкімі спецыяльнасцямі, як, скажам, “арфа”, дзе план прыёму — усяго адзін чалавек? Ну, захварэў абітурыент — і ўсё. Калі раней мы маглі запаўняць такія нечаканыя вакансіі адоранымі музыкантамі тых спецыяльнасцей, дзе быў “перабор”, дык зараз нам гэта забаранілі. Вось і думаеш: Бах і Гендэль, дарэчы, нарадзіліся ў адзін год. І за імі чамусьці не стаяла чарга маладзейшых талентаў, якія нараджаліся б з гэткай жа перыядычнасцю. Дык каго з іх мы павінны былі б “прыняць”, а каго — “адсеяць” як непрайшоўшага па конкурсе? І разважанні пра тое, што, маўляў, хай паступае праз год, у музыцы не дзейнічаюць: для музыканта важны не тое што год — кожны дзень мэтанакіраваных заняткаў...

“Канчатковая мэта — спецыяліст”
Рычард СМОЛЬСКІ, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, доктар мастацтвазнаўства, прафесар:
— Прыняцце Указа Прэзідэнта № 314 ад 16 чэрвеня, паводле якога прыярытэт пры паступленні ў Акадэмію мастацтваў і Акадэмію музыкі аддаваўся творчым здольнасцям абітурыентаў, было для нас доўгачаканым: мы прасілі, каб правілы прыёму былі адаптаваны да творчых ВНУ. Але цяперашні эксперымент наклаў на нас і дадатковую адказнасць. З асаблівай уважлівасцю мы фарміравалі 15 прадметных камісій, куды ўвайшлі вядучыя майстры мастацтваў, якія выкладаюць у нашай Акадэміі. Акрамя таго, каб ацэнкі былі максімальна справядлівымі, па рэкамендацыі Міністэрства культуры краіны ў склад гэтых камісій былі ўключаны вядучыя дзеячы мастацтваў, якія ў нас не працуюць, — да прыкладу, акадэмік, народны мастак Беларусі Георгій Паплаўскі. Але і без таго наша стаўленне да абітурыентаў заўсёды вызначалася такімі чатырма абавязковымі пазіцыямі, як увага, добразычлівасць, прафесійнасць і прынцыповасць.
Другой асаблівасцю сёлетняй прыёмнай кампаніі, як і прагназавалася, стала павышэнне конкурсу. Калі летась ён склаў 4,2 чалавекі на месца, дык сёлета — 4,5. І гэта прытым, што з моманту прыёму дакументаў у нас працуе адборачная камісія. Абітурыенты прыносяць туды свае творчыя работы, паказваюць іх — і камісія дае ці не дае рэкамендацыю для паступлення на мастацкі факультэт і факультэт дызайну. Па розных спецыяльнасцях лічбы размеркаваліся наступным чынам: 4,3 — на акцёрскія спецыяльнасці і тэлерэжысуру, 2,5 — мастацкія, 5,2 — дызайн, 5,4 — завочнае навучанне. Зноў-такі, гэта прытым, што завочна мы рыхтуем акцёраў для рэгіянальных тэатраў. Там звычайна ўжо ёсць свае студыі, найбольш адораныя ўдзельнікі якіх залічваюцца ў дапаможны склад тэатра і накіроўваюцца да нас.
З кастрычніка па чэрвень вельмі эфектыўна працуюць у нашай Акадэміі падрыхтоўчыя курсы па малюнку, жывапісе, майстэрстве акцёра. Так што абітурыенты ў нас, у асноўным, матываваныя. Бо ўсе яны літаральна з дзяцінства арыентаваны на пэўную спецыяльнасць і мэтанакіравана ідуць да яе. Яшчэ адной сёлетняй асаблівасцю стала пашырэнне кола спецыяльнасцей, на якія вёўся прыём. У прыватнасці, сёлета мы набралі не толькі будучых акцёраў драматычных і музычных тэатраў, але і тэатральных менеджэраў. Упершыню за апошнія некалькі гадоў прынялі будучых рэжысёраў дакументальнага кіно. Праграма развіцця кіна-, відэагаліны ў нашай краіне прадугледжвае планамерную падрыхтоўку кадраў. Таму ў наступным годзе мы плануем адкрыць цэлы факультэт экранных мастацтваў — гэта будзе своеасаблівы “беларускі ВГИК”, які дасць штуршок развіццю айчыннага кінематографа. Калі з’явіцца такі факультэт, дык там, зразумела, будзе і асобная кафедра гісторыі, тэорыі і менеджменту экранных мастацтваў, дзе будуць рыхтавацца не проста кіназнаўцы і крытыкі, а рэдактары, сцэнарысты, прадзюсеры. Прапрацоўваюцца пытанні і аб адкрыцці творчых майстэрняў па мастацкіх спецыяльнасцях. Зараз штосьці падобнае існуе пры падрыхтоўцы акцёраў, той ці іншы майстар набірае свой курс, які вядзе цягам усіх гадоў навучання. Таму хацелася б, каб такая ж пераемнасць існавала б і ў мастакоў. У расійскіх ВНУ падобная практыка ёсць: прыём у майстэрні ажыццяўляецца па асобных правілах, але майстар нясе персанальную адказнасць за кожнага студэнта.
У перспектыве — і мары пра тое, каб іспыты ў будучых мастакоў і дызайнераў па жывапісе, малюнку і кампазіцыі прымалі не тры розныя камісіі, а адна, складзеная са спецыялістаў кожнага з кірункаў. Такі падыход дасць магчымасць комплексна ацэньваць творчы патэнцыял абітурыента: можа, у яго не ўсё ідэальна ў малюнку, затое вельмі каларытныя фарбавыя спалучэнні, цікавае кампазіцыйнае мысленне.
Абсалютна ідэальных правілаў не існуе, а канчатковая мэта адна: падрыхтаваць добрага спецыяліста.


Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"