Арэал нацыянальнага “культурнага прадукту”

№ 31 (899) 01.08.2009 - 07.08.2009 г

29 ліпеня ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь адбылася чарговая калегія — першая пад старшынствам міністра Паўла Латушкі. Яна, па традыцыі, закранула шэраг важных галіновых пытанняў і акрэсліла тыя стратэгічныя і тактычныя задачы, што стаяць сёння перад беларускай культурай.

у час калегіі.Экспарт як перспектыва росту
Асноўныя планавыя паказчыкі, якія традыцыйна знаходзяцца на кантролі кіраўніцтва галіны, — платныя паслугі, да якіх у няпросты з эканамічнага пункта гледжання час дадаўся яшчэ і знешні гандаль. І гэта не адно толькі фармальныя лічбы, а — стратэгічны накірунак, што мусяць бачыць для сябе кіраўнікі ўсіх устаноў культуры рознага ўзроўню падпарадкавання — ад рэспубліканскіх да абласных і раённых. Для гэтага неабходна перагледзець і самі падыходы да творчай дзейнасці, падумаць не толькі аб “працэсе”, але і аб яго канчатковай эфектыўнасці, аб тым, каб вынікі гэтыя былі цікавыя і запатрабаваныя самымі рознымі катэгорыямі патэнцыйных спажыўцоў культуры. Дзе шукаць гэтыя “новыя формы”? Сярод шляхоў, якія абазначыў прысутным Павел Латушка, — больш шчыльнае супрацоўніцтва на міжведамасным узроўні, дзе дзякуючы інтэграцыі намаганняў ёсць вялікі рэзерв для стварэння агульных праектаў. Яшчэ адзін накірунак — работа па больш актыўным прасоўванні беларускіх мастацкіх калектываў у свеце, якая, з аднаго боку, з’яўляецца магутным іміджавым патэнцыялам для нашай краіны, але, з іншага, — дае магчымасць бачыць і пэўныя эканамічныя перспектывы, бо з пашырэннем аўдыторыі немінуча расце і кола патэнцыйных спажыўцоў, здольных і ахвотных плаціць за наш нацыянальны культурны “прадукт”. Пакуль жа часцей сітуацыя складваецца так, што калі нашы буйныя іміджавыя прафесійныя калектывы выязджаюць на міжнародныя фестывалі, конкурсы, у гастрольныя туры, суадносіны паміж затратамі на іх удзел і прыбыткамі аказваюцца не на карысць апошніх. Зрэшты, не ўсё ў гэтым пытанні так проста і адназначна, як здаецца на першы погляд. І прысутныя на калегіі некаторыя з існуючых “падводных камянёў” агучылі. У прыватнасці, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Аляксандр Рашчупкін нагадаў пра існаванне “межаў росту” (у тым ліку і ў пытанні павышэння экспарту паслуг), да якіх, на яго думку, БДАМ наблізілася ўшчыльную: сёння кожны пяты яе студэнт — кітаец. Павялічваць далей прырост замежных студэнтаў, на думку рэктара, і не мэтазгодна — застануцца без увагі айчынныя кадры, ды і немагчыма з матэрыяльна-тэхнічнага пункта гледжання — у акадэміі няма для гэтага ні дадатковых плошчаў, ні кадравага рэзерву. Да таго ж, сёння Акадэмія музыкі прыкладна 20% заявак ад замежных абітурыентаў адхіляе з прычыны іх слабой падрыхтоўкі — для таго, каб не зніжаць якасны ўзровень адукацыі і, адпаведна, статус дыплома БДАМ. Іншы аспект — залішняй “стараннасці” ў выкананні планаў па экспарце і іншых паказчыках — закрануў у сваім выступленні генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзімір Замяталін, прадэманстраваўшы “прыхаваную дыялектыку” гэтага на прык л а д з е а й ч ы н н а й “кінакузні”, якая перавыканала план па выпуску новых фільмаў, але дзякуючы гэтай сваёй стараннасці атрымала папрок у... невыкананні паказчыкаў па эканоміі электраэнергіі. А той факт, што ў 2007 годзе яна перавыканала план па ўсіх асноўных паказчыках больш чым у тры з паловай разы, зрабіў яе заложніцай уласнай актыўнасці: на наступны год планавы працэнт быў даведзены ад факта папярэдняга года. А вось намеснік міністра культуры Віктар Кураш нагадаў пра знікненне эканамічнага “ручая”: безнаяўны разлік турыстычных фірм з установамі культуры і мастацтва, дзякуючы чаму рэальна напрацаваныя лічбы па платных праслугах ідуць у залік Міністэрству спорту і турызму, а не галіне культуры. Аднак, нягледзячы на ўсю слушнасць канкрэтыкі прыведзеных фактаў, якія былі агучаны пад час абмеркавання гэтага пытання, міністр культуры Павел Латушка настойліва закцэнтаваў увагу на тым, што сёння прыярытэтнай з’яўляецца праца з беларускай культурай і мастацтвам у накірунку яе актыўнага прасоўвання на новыя рынкі, бо гісторыка-культурны, творчы, у рэшце рэшт, рэкрэацыйна-турыстычны патэнцыял нашай галіны яшчэ амаль не раскрыты. І самы танны спосаб такой рэкламы і раскруткі, які многія з кіраўнікоў яшчэ недаацэньваюць, — інтэрнет-старонкі, прысутнасць уласнай культуры ў сусветным інфармацыйным Сеціве.
 Чаго не хапае кінапракату?
Другім істотным пытаннем калегіяльнага абмеркавання стала дзейнасць кінапракатных арганізацый на прыкладзе Магілёўскай вобласці. Зрэшты, гаворка натуральным і нязмушаным чынам вылілася за межы абласных дасягненняў ды праблем і, пашырыўшыся, акрэслілася ў размову пра прысутнасць айчыннага кіно ў нашым кінапракаце, яго месца, статус і запатрабаванасць, у параўнанні з традыцыйнымі “лідэрамі” — амерыканскімі і расійскімі стужкамі. Прысутныя на калегіі не пайшлі шляхам “абмену кампліментамі”, а агучылі сапраўды набалелыя пытанні. Пракатчыкі — адсутнасць належным чынам і грунтоўна падрыхтаванай рэкламы, відэаролікаў, друкаванай прадукцыі і, што не менш важна, — каардынацыі ды ўзгаднення з айчыннымі тэлеканаламі графіка паказу новых стужак, каб тыя не “перабівалі” касу, не даўшы як след адпрацаваць фільмакопіі на вялікім экране. Вытворцы адзначылі неабходнасць больш пільнай увагі да пытанняў продажу названай прадукцыі з мэтай павышэння як рэнтабельнасці беларускага кіно, так і яго іміджа на міжнароднай арэне. Аднак не толькі грошы ды фармальнае выкананне паказчыкаў, як гэта можа падацца, цікавяць беларускіх пракатчыкаў. Важным сегментам яны лічаць і сацыяльна значныя фільмы: дакументалістыку, кароткаметражныя фільмы і ролікі, што заклікаюць да сацыяльна адказнага ладу жыцця. Калі ўлічваць гэтую катэгорыю, то сёння ўдзельная вага тых, хто глядзіць беларускае кіно, аказваецца не такой ужо і нязначнай. Іншая справа, што гэта мусіць быць не спарадычны рух, за якім мы можам толькі сачыць, а — мэтанакіраванае развіццё, што трымае ў полі зроку працу на агульны вынік: далейшае павышэнне якаснага ўзроўню нацыянальнай культуры.