На пытанні адказвае начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алена ВЕШТАРТ:
— Зыходзячы са зместу пытання, у выхадныя дні, устаноўленыя для работнікаў Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці (далей — АМЦНТ), АМЦНТ праводзіць разнастайныя масавыя мерапрыемствы. У адпаведнасці з артыкуламі 136 і 137 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей — ПК) усім работнікам прадастаўляюцца выхадныя дні (штотыднёвы бесперапынны адпачынак), якія работнік можа выкарыстоўваць паводле свайго меркавання. Згодна з артыкулам 142 ПК праца ў выхадныя дні дапускаецца па прапанове наймальніка і толькі са згоды работніка або па ініцыятыве работніка са згоды наймальніка, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных артыкулам 143 ПК. Артыкулам 146 ПК вызначана, што праца ў выхадны дзень можа кампенсавацца па пагадненні бакоў прадастаўленнем іншага дня адпачынку або павышанай аплатай у памеры, устаноўленым часткамі трэцяй і чацвёртай артыкула 69 ПК. Такім чынам, калі ў службовыя абавязкі названых у пытанні работнікаў уваходзяць арганізацыя і правядзенне фестываляў, аглядаў, кірмашоў, тэатралізаваных святаў і іншых мерапрыемстваў, то прыцягненне іх да працы ў выхадныя дні для ўдзелу ў правядзенні такіх мерапрыемстваў, у тым ліку для ўдзелу ў працы журы, павінна кампенсавацца прадастаўленнем іншага дня адпачынку або павышанай аплатай. Калі праца ў выхадны дзень ніяк не звязана са службовымі абавязкамі работніка, то магчыма заключэнне з ім грамадзянска-прававога дагавора, які павінен адпавядаць патрабаванням, устаноўленым Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 ліпеня 2005 г. № 314 “Аб некаторых мерах па абароне правоў грамадзян, выконваючых працу па грамадзянска-прававых і працоўных дагаворах”.