Дэбют стаўся ўдалым, было вырашана і надалей выступаць гэткім складам і ў гэткай якасці.
5 чэрвеня 1982 года ў Воранаўскай раённай газеце ўпершыню з’явіўся фотаздымак нашага ансамбля. З гэтай даты прынята лічыць пачатак гісторыі “Лявонаў”. У тым жа годзе калектыў паспеў выступіць на абласным тэлебачанні і стаць лаўрэатам ІІ абласнога агляду фальклорных калектываў у Гродне, двойчы выступіць у Шальчынінкаі тагачаснай Літоўскай ССР.У 1985-ым — удзел разам з “Песнярамі” і “Верасамі” ў вялікім святочным канцэрце, прысвечаным 40-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, на сцэне сталічнага Палаца спорту. Наш калектыў тады стаў лаўрэатам усесаюзнага агляду самадзейнай творчасці. Рашэннем Міністэрства культуры БССР калектыву “Лявоны” было прысвоена найменне “народны”.
У 1986-ым мы выступілі ў канцэрце ў гонар запуску доменнай печы ў Чарапаўцы. Летам 1987-га прынялі ўдзел ва Усесаюзным свяце песні, музыкі і танца на ВДНГ у Маскве, адкуль вярнуліся з медалямі ВДНГ СССР.1988 год — фестываль беларускай песні ў Польшчы, удзел у Дэкадзе беларускай кухні і фальклору ў Заходнім Берліне. У 1989-ым годзе пра наш калектыў быў зняты фільм “Лявоны” на Беларускім тэлебачанні, ансамбль удзельнічае ў здымках перадачы “Запрашаем на вячоркі”, у канцэрце да Дня Перамогі ў Доме ўрада, у І Рэспубліканскім конкурсе гарманістаў у Віцебску, двойчы выязджае ў Польшчу.
У 1990-ым годзе ўдзельнічаем у Міжнародным фестывалі “Хары-бюль-бюль” у Баку, святкаванні 500-годдзя Францыска Скарыны ў Таліне. У 1991-ым годзе — выступленні ў Польшчы і Злучаных Штатах Амерыкі, удзел ва ўстаноўчым з’ездзе Асацыяцыі фалькларыстаў у Мінску. Потым былі Нацыянальнае свята “Вялікдзень”, рэспубліканскія дажынкі ў Мастах і Ваўкавыску, выступленне на сесіі парламенцкага сходу Расіі і Беларусі.
Вышэйзгаданае — далёка не поўны пералік толькі знакавых выступленняў калектыву “Лявоны”.Кіруе нашым ансамблем заслужаны работнік культуры Вячаслаў Мацкевіч. А ўвогуле ўсе ўдзельнікі “Лявонаў” — людзі, адданыя сваёй справе і роднаму калектыву. Трэба бачыць іх твары, іх самааддачу падчас канцэртаў, і тое, як гараць іх вочы.
Дзякуючы прафесіяналізму сваіх удзельнікаў, наш ансамбль валодае шырокімі магчымасцямі для выкання як народных песень — беларускіх, польскіх, літоўскіх, — так і аўтарскіх твораў.
І, што вельмі важна, мы ніколі не карыстаемся фанаграмамі, працуем “у жывую”.
Вельмі хацелася б, каб на 25-годдзе “Лявонаў” сабраліся ўсе яго ўдзельнікі, якія ў розныя гады зрабілі ўнёсак у развіццё ансамбля, і кіраўнікі культуры раёна, хто на ўсім гэтым шляху дапамагаў нам у працы і творчасці. Каардынаты ўсё тыя ж: Гродзенская вобласць, Воранаўская дзіцячая школа мастацтваў.
Аляксандр МАЦЮК,
удзельнік ансамбля
Фота аўтара