Відэастужка была паказана пасля апошняй серыі праекта, які складаўся з троххвілінных фільмаў, што дэманстраваліся на Першым нацыянальным 309 дзён. Кожная з частак апавядала пра падзеі аднаго дня баёў за вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1943 — 1944 гадах. Першая серыя пабачыла свет 23 верасня мінулага года. Журналісты Агенцтва тэленавін сумесна са спецыялістамі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны аднавілі поўную карціну падзей на фронце і ў тыле, пры гэтым выкарыстоўваліся унікальныя матэрыялы з фондаў установы. Супрацоўнікі Белдзяржтэлерадыёкампаніі адзначаюць, што вялікі ўклад у стварэнне цыкла ўнеслі добраахвотныя памочнікі з ліку ветэранаў і гісторыкаў.