Трансгранічны кантэкст

№ 31 (899) 01.08.2009 - 07.08.2009 г

28 — 29 ліпеня Гомельскі палацава-паркавы ансамбль наведалі прадстаўнікі нацыянальных камісій па справах UNESCO Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі і Украіны. Як паведаміў “К” начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Чумакоў, у ходзе нарады быў прыняты пратакол, згодна з якім вызначаны канцэптуальныя падыходы па прадстаўленні аб’ектаў Гомельшчыны для ўключэння іх у Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ў трансгранічным кантэксце.


Нараду ў Белай гасцёўні палаца Румянцавых і Паскевічаў адкрыў намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Пётр Кірычэнка. Як вядома, у 2003 годзе эксперты UNESCO, спецыялісты Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў улады наведалі Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. У выніку ён быў аднесены да прыярытэтных нацыянальных аб’ектаў. У 2007 годзе пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ансамблю нададзены статус вышэйшай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Сёлета распараджэннем старшыні Гомельскага аблвыканкама Аляксандра Якабсона створана рабочая група па падрыхтоўцы і ўключэнні пэўных гісторыка-культурных каштоўнасцей у Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны. У склад групы ўвайшлі спецыялісты Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, упраўлення культуры аблвыканкама, прадстаўнікі ВНУ, праектных і рэстаўрацыйных прадпрыемстваў Мінска і Гомеля. Члены групы ў ходзе працы прыйшлі да высновы, што шанцы на ўключэнне ў Спіс Гомельскага палацава-паркавага ансамбля значна павялічацца, калі праект будзе мець трансгранічны характар. Таму і сабраліся ў Гомелі прадстаўнікі нацыянальных камісій па справах UNESCO. Яны абмеркавалі досвед камісій краін-суседак у гэтым кірунку, прааналізавалі шлях міжрэгіянальнага і міждзяржаўнага ўзаемадзеяння ў сферы захавання гісторыка-культурнай спадчыны.