Як сустрэліся Дабранега з Ардэгастам

№ 30 (898) 25.07.2009 - 31.07.2009 г

Цягам адзінаццаці гадоў існуе ў Лідзе Клуб рыцарскіх мастацтваў і сярэднявечнага мадэліравання “Dies Magna” (“Дзень Велічы”).

А пачалося ўсё 29 кастрычніка 1998 года, калі сабралася невялікая ініцыятыўная група, дзякуючы якой і заснаваўся клуб. 1 верасня 2002 года лічыцца днём утварэння: менавіта тады ў клуба з'явілася свая атрыбутыка - статут, сцяг, эмблема і дэвіз. Узначаліў клуб Мікалай Шаўчэнка, які і сёння з'яўляецца яго лідэрам. Клуб аб'ядноўвае людзей рознага ўзросту і прафесій, але ўсе яны надаюць вялікую ўвагу ведам у галіне гісторыі і культуры Лідчыны, адраджэнню рыцарскіх мастацтваў, а таксама аднаўленню мадэлей сярэднявечнага адзення, зброі, рыцарскіх даспехаў II-й паловы XIV ст. У 2004 годзе клуб быў зарэгістраваны пры Лідскім раённым навукова-мэтадычным цэнтры. Распачалася плённая работа: правядзенне фестываляў і турніраў рыцарскіх мастацтваў, удзел у гарадскіх, рэгіянальных, міжнародных святах і фестывалях. Ёсць у аб'яднання і тэатралізаваныя праграммы, якія адлюстроўваюць сярэднявечнае жыццё: "Дабранега" і "Віцы", што паспяхова былі паказаны для навучэнцаў школ, каледжаў раёна, турыстычных груп. Клуб прыняў удзел у тэлевізійных праграмах "Не зевай!" і "Утро", у здымках мастацкага кінафільма "Ночной дозор" і дакументальнай стужкі аб Лідзе, дзе былі прадстаўлены гістарычныя падзеі II-й паловы XIV ст. і легенды, звязаныя з мясцовым замкам. Актыўная творчая дзейнасць аб'яднання не засталася без увагі. За дасягнутыя поспехі ў развіцці аматарскай мастацкай творчасці, за актыўную работу па папулярызацыі сярэднявечных традыцый у лютым 2007 года калектыву прысвоена найменне "народная аматарская студыя". 30 мая гэтага года ў рамках адкрытага пасяджэння клуба "Dies Magna" ў Лідскім замку адбыўся паспяховы паказ тэатралізаванага прадстаўлення "Аб чым маўчаць муры...". Спектакль адлюстроўвае падзеі II-й паловы XIV ст. У аснове сюжэта - каханне збраяносца Ардэгаста і дачкі ўладара замка Дабранегі. Для ажыццяўлення творчай ідэі былі запрошаны ваенна-гістарычныя клубы "Волат" (Баранавічы) і "Ваяр" (Слонім), клуб "Брацтва Святога Крыжа" (Ліда). Ім была адведзена роля ворагаў, якія пад кіраўніцтвам графа Галадрыэля намагаліся захапіць замак. Але дабро зло перамагае: вораг - разбіты, а закаханых чакае доўгае і шчаслівае жыццё. Рыцарстваі сярэднявечныя фэсты для ўдзельнікаў клуба, зразумела, не гульня, а - магчымасць звярнуцца да вытокаў гісторыі і спрадвечных традыцый. Так і павінна быць! Лідскаму замку патрэбны свае ваяры і абаронцы, што будуць распавядаць пра тыя гістарычныя падзеі, аб якіх маўчаць яго муры.

 Наталля ШЧАЛКАНОГАВА, супрацоўнік Лідскага РМЦНТ, удзельнік народнай аматарскай студыі "Dies Magna"

На здымку: тэатралізаванае прадстаўленне "Аб чым маўчаць муры".

Фота Вікторыі ШМЯЛЁВАЙ