“Ну вось мы і прыйшлі…”

№ 30 (898) 25.07.2009 - 31.07.2009 г

Здавалася б, гісторыя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, не аднойчы апісаная ў падручніках, энцыклапедыях, мемуарах, газетных артыкулах, ужо не мае старонак, якія засталіся б незаўважанымі сучаснікамі. Але гэта толькі так здаецца… Яшчэ не аднаму пакаленню даследчыкаў давядзецца працаваць, перш чым мы дазнаемся пра ўсе падрабязнасці гісторыі вызвалення нашай краіны, за якімі — Подзвіг простых людзей. У гэтым пераконваешся неаднаразова, спрабуючы аднавіць гісторыю тых дзён у асобным горадзе, у дадзеным выпадку — гісторыю вызвалення Брэста 28 ліпеня 1944 года. Аперацыя “Баграціён”, магутным крокам у якой стала вызваленне горада над Заходнім Бугам, гераічна замкнула кола Вялікай Айчыннай вайны, якая пачалася і закончылася ля сцен Брэсцкай крэпасці, заклала галоўны камень у падмурак Перамогі ў Другой сусветнай вайне. Наперадзе былі месяцы ўпартых баёў за вызваленне Еўропы, чыя геаграфія звінела “медалями на потных гимнастёрках” савецкіх воінаў. Гэта была дарога да Вялікай Перамогі над фашызмам...

У Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі ёсць нямала экспанатаў, прысвечаных вызваленню роднага краю. У экспазіцыі змешчаны і фатаграфіі Герояў Савецкага Саюза з 1-й стралковай дывізіі 70-й арміі, якая прымала ўдзел у вызваленні Брэста: Мікалая Свінарчука, Пятра Вінаградава, Аляксея Карасёва, Мікалая Дзьяканава... Але, як трапна зазначыў навуковы супрацоўнік установы Яўген Сідарук, "і музейшчыкам, і гісторыкам трэба яшчэ працаваць і працаваць для таго, каб летапіс вызвалення Брэстчыны быў прадстаўлены гэтак жа падрабязна і яскрава, як гісторыя абароны Брэсцкай крэпасці". Ды ўсё ж, дзякуючы назапашаным даследаванням і матэрыялам, успамінам ветэранаў, мы паспрабуем аднавіць самыя цікавыя старонкі тых дзён.

Узяць у кольца акружэння

Агульная карціна выглядала наступным чынам. Вобласць і яе цэнтр былі вызвалены ў рамках Люблін-Брэсцкай аперацыі, якая з'яўлялася часткай "Баграціёна". Яе ідэя заключалася ў тым, каб ударамі ў абход Брэсцкага ўмацаванага раёна з поўначы на поўдзень разграміць люблінскую і мясцовую групіроўкі ворага. Галоўны ўдар наносіўся з раёна Ковеля на Люблін, Варшаву так званымі войскамі левага крыла, а частка сіл - войскі правага крыла - абыходзіла Брэст з поўдня. У выніку ўдалага манеўра Брэсцкая групіроўка праціўніка, якая налічвала больш за 30 тысяч чалавек, 28 ліпеня аказалася ў поўным акружэнні і была цалкам разгромлена.

Вырваліся наперад

Як распавядае экспазіцыя абласнога музея, 18 ліпеня савецкія войскі левага крыла, прарваўшы напярэдадні абарону горада Ковеля, перайшлі ў наступленне. Яны рухаліся імкліва: ужо 20 ліпеня сілы гэтай групіроўкі фронту прасунуліся на 70 км і выйшлі да Заходняга Буга. З ходу фарсіравалі рэку ў трох месцах і рушылі па тэрыторыі Польшчы. 23 ліпеня быў вызвалены Люблін. Войскі ж правага крыла 1-га Беларускага фронту 20 ліпеня вярнулі горад Кобрын і праз два дні таксама выйшлі да Заходняга Буга. Але, натуральна, нямецка-фашысцкія захопнікі імкнуліся ўтрымаць Брэст як важны стратэгічны пункт. Германскае камандаванне сцягнула да яго рубяжоў значныя рэзервы. Утрымліваючы горад, вораг меў намер раз'яднаць сілы Чырвонай Арміі, не даць ім магчымасцізлучыцца і рушыць далей, на захад. Сучасны даследчык гісторыі Уладзімір Бешанаў, ураджэнец Брэста, у кнізе "Год 1944 - пераможны" прыводзіць малавядомыя факты вызвалення Брэстчыны. Яны датычацца 65-й арміі генерала Батава, якая ў складзе 1-га Беларускага фронту рушыла да Заходняга Буга з боку Белавежскай пушчы. Прасоўваючыся праз гэты раён, войскі былі раптоўна атакаваны 4-й танкавай дывізіяй і 5-й танкавай дывізіяй СС "Вікінг". "Наш правы сусед - 2-і Беларускі фронт - крыху адстаў, - так успамінаў пра гэты факт маршал Ракасоўскі, - а 65-я армія, не сустрэўшы асаблівага супраціўлення з боку праціўніка, хутка пераадолела лясныя масівы Белавежскай пушчы, вырвалася наперад і тут трапіла ў непрыемную гісторыю, будучы атакаванай з двух бакоў часцямі дзвюх нямецкіх танкавых дывізій. Яны ўрэзаліся ў цэнтр арміі, раз'ядналі яе войскі на некалькі груп, пазбавіўшы камандарма на некаторы час сувязі з большасцю злучэнняў. Быў момант, калі нашы часці пераблыталіся з нямецкімі, і цяжка было разабраць, дзе - свае, а дзе - праціўнік; бой прымаў ачаговы характар... Часці і падраздзяленні 65-й арміі праявілі вялікую вытрымку ў надзвычай цяжкай абстаноўцы. Яны хутка займалі кругавую абарону, адбівалі варожыя атакі, імкнучыся прабіцца адзін да аднаго. П.І. Батаў і ягоны штаб прынялі ўсе неабходныя меры. Камандаванне фронту выслала на дапамогу стралковы корпус і танкавую брыгаду. Становішча было выпраўлена, а праціўнік зведаў вялікія страты. Але Паўлу Ігнатавічу давялося перажыць цяжкія хвіліны..." Войскі 65-й арміі не сталі ўдзельнікамі вызвалення Брэста, прасунуўшыся далей, але іхні значны ўнёсак у перамогу зрабіў сваю справу. Пераадолеўшы ўсе цяжкасці, армія пад камандаваннем Батава вышла да Заходняга Буга і адразу фарсіравала яго.

"...І раптам - затрымка"

Прыкладна ў гэты ж час цяжкія баі адбываліся на подступах да горада Бяла-Падляска за 35 кіламетраў на захад ад Брэста. Кольца акружэння савецкіх войскаў сцягвалася - і гітлераўцы ўзмацнілі супраціўленне, імкнучыся ўсімі сіламі затрымаць наступленне Чырвонай Арміі. Тым больш, губляючы Бяла-Падляску, праціўнік губляў апошнія чыгуначныя і шашэйныя шляхі на захад. У Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі захавалася фота Героя Савецкага Саюза Аляксея Карасёва, які прымаў удзел у тых стратэгічна-вызначальных баях. Захаваліся і ўспаміны Аляксея Макаравіча, які служыў камандзірам кулямётнага разліку 412-га палка 1-й стралковай дывізіі 70-й арміі. Вось невялікі фрагмент з іх, што паказвае ўсю напружанасць тых баёў: "Кулямётнаму разліку, якім камандаваў я пры ўзяцці г. Бяла-Падляска, паставілі задачу: прыкрыць левы фланг батальёна на ўскраіне аэрадрома. У самы разгар бою, гадзін у 11-12 дня, гітлераўцы перайшлі ў контратаку і дзвюма ротамі сталі заходзіць у тыл батальёну, акурат у тым месцы, дзе стаяў наш станковы кулямёт. Рухаліся яны ў накірунку батальённага КП. Мы падпусцілі іх прыкладна на 75 - 100 метраў, а затым адкрылі агонь. Гітлераўцы заляглі. У гэты момант быў паранены наводчык Нікіцін, і наш кулямёт змоўк. Фашысты, скарыстаўшыся гэтым, зноў рушылі наперад. Я падпоўз да кулямёта і ва ўпор стаў расстрэльваць атакуючыя ланцугі. І раптам - затрымка: папярочны разрыў гільзы. Шыйка яе засталася ў патронніку. Выцягвальніка пад рукой не аказалася. Змяняць ствол- доўгая справа. Вырашыў выцягнуць з дапамогай патрона. Для гэтага патрэбна было адкрыць накрыўку кораба. Але ўсе мае высілкі аказаліся марнымі: зашчапка пашкоджана асколкам, і яе заела. Хвіліны вырашалі ўсё! Паспрабую зубамі! І сапраўды, яны ў мяне аказаліся мацнейшымі за рукі: накрыўка адамкнулася. Кулямёт хутка "ажыў". У гэты ж дзень мы занялі Бяла-Падляску, і полк пайшоў маршам на ўсход..." Але ж у той самы дзень, 26 ліпеня 1944 года, Аляксей Карасёў здолеў вылучыцца яшчэ раз. Частка брэсцкай групіроўкі ворага пасля ўзяцця згаданага горада паспрабавала вырвацца з акружэння. Закрыць магчымую брэш - такі быў загад сяржанту Карасёву. "Камандзір батальёна капітан Худзякоў загадаў мне прабрацца ўначы на вышыню Безыменную і на золку адкрыць агонь па гітлераўцах, якія будуць імкнуцца да месца прарыву,- прыгадваў пасля Герой Савецкага Саюза. - Гэта дазволіла б нашым перагрупавацца і спыніць ворага. Разам з падносчыкам патронаў - 45гадовым казахам Альгажаевым мы адбілі 16 варожых атак і выканалі задачу..." За гэтыя два баі Аляксею Карасёву і было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. А ўтрыманне пазіцый савецкіх войск вырашыла вынік аперацыі. 27 ліпеня 70-я армія злучылася з часцямі 28-й арміі, якая да гэтага часу ўжо вызваліла населены пункт Матыкалы, і шляхі адыходу для гітлераўцаў былі адрэзаны. Уначы з 27 на 28 ліпеня часці 28-й, 70-й, 61-й армій штурмам авалодалі Брэстам.

"...Усяго толькі 23 чалавекі"

Знаёмячыся з фондамі Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, натрапіла на ўспаміны журналіста Івана Вяроўкіна, які прымаў удзел у вызваленні Брэста ў складзе 12-й гвардзейскай Пінскай стралковай дывізіі 61-й арміі. У гады Вялікай Айчыннай ён быў рэдактарам газеты "За Родину". Вось як ён апісаў вызваленне Брэста. "...Памятаю, уначы батальён маёра Лысенкі адным з першых уварваўся ў палаючы і задымлены горад. Немцы адступалі. На маю долю выпаў гонар быць менавіта з гэтым падраздзяленнем. Ніхто з нас не звяртаў увагі на мора агню і міны, якія разрываліся навокал. Мы беглі пасярэдзіне вуліцы, што была ярка асвечана суцэльнымі лініямі пажараў. На якойсьці шырокай вуліцы мы спыніліся: тут было не так горача. Ля маіх ног хтосьці прылёг адпачыць. Я сеў побач з ім, проста на маставую. Каля мяне размясціліся іншыя (дарэчы, ва ўсім батальёне налічвалася ўсяго толькі 23 чалавекі, уключаючы маёра Лысенку. І ўсё ж такі гэта быў батальён! Зноў пачаліся артылерыйскія стрэлы. Снарады разрываліся сярод вогненных языкоў, уздымаючы да неба мільёны іскраў. А вось перад намі рака - Заходні Буг. Вада, адлюстроўваючы пажарышча, зіхацела расплаўленай меддзю. Чапляючыся за кустоўе, я, як і іншыя, імкліва праслізнуў па абрывістым беразе ўніз, да вады. Бераг адгукнуўся радаснымі галасамі. Па меднай роўнядзі пайшлі кругі. - Ну вось мы і прыйшлі, - прамовіў камбат і зачэрпнуў фуражкай рачной вады. Раніцу мы сустрэлі ў вызваленым горадзе. Тут вораг пачынаў свой паход на Савецкую краіну. Тут ён яшчэ ў 1941 годзе атрымаў першы прадметны ўрок..." * * * 47 злучэнняў і часцей, якія асабліва вылучыліся пры вызваленні Брэста, атрымалі ганаровае найменне "Брэсцкія", а 15 - найменаванне "Люблінскія". Далей Чырвоную Армію чакалі рубяжы Елгавы, Добеле, Шаўляя, Аўгустова, рэк Нарвы і Віслы - 29 жніўня 1944 года - бліскучаезавяршэнне аперацыі "Баграціён". Але гісторыя злучэнняў і часцей, кожнага салдата, які прымаў удзел у гэтай самай буйной аперацыі Чырвонай Арміі, яшчэ адкрые перад намі шмат новых старонак...

Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ