“Сажані” і “локці”

№ 30 (898) 25.07.2009 - 31.07.2009 г

З чэрвеня гэтага года ў філіяле Нацыянальнага мастацкага музея— замкавым комплексе “Мір” пачала працаваць першая праграма цыкла музейна-педагагічных заняткаў па гісторыі будаўніцтва замка “Табе, нашчадак, у добры дар…”.

Падрыхтаваны супрацоўнікамі музея, урок праходзіць у экспазіцыі паўднёва-заходняй вежы і на тэрыторыі замка. Дзеці маюць магчымасць даведацца пра заснавальніка замка Юрыя Ільініча, надворнага маршалка ВКЛ, а таксама спасцігнуць таямніцы будаўніцтва абарончага замка. Разам з музейным педагогам (які выконвае ролю Галоўнага майстра) школьнікі даследуюць асноўны будаўнічы матэрыял Мірскага замка - цэглу, вызначаюць месца будучай пабудовы, а таксама, карыстаючыся старажытнымі адзінкамі вымярэння - локцем і сажанем, - вызначаюць яго памеры. Праз выкананне самых розных заданняў увага падлеткаў засяроджваецца на форме і функцыянальным прызначэнні вежаў, іх мастацкім аздабленні.