Калі “Вячэра...” становіцца камедыяй

№ 30 (898) 25.07.2009 - 31.07.2009 г

Хто сказаў, што камедыя — жанр лёгкі і не паважаны? Тым, хто гэта дэкларуе, раю звярнуцца да гісторыі тэатра, дзе можна на ўласныя вочы пабачыць, якую важную ролю ў станаўленні такога сур’ёзнага віду мастацтва, як тэатр, сыграў гэты “несур’ёзны” жанр. А ўжо ў беларускім прафесійным тэатральным мастацтве камедыя з’яўляецца ці не асноватворнай і ў дачыненні да айчыннай драматургіі, і ў адносінах да нацыянальнай акцёрскай школы, якая шмат у чым ёй абвязана.

Зрэшты, тут не варта чытаць доўгіх лекцый на гэты конт - дастаткова прыгадаць адну толькі легендарную купалаўскую "Паўлінку", праз якую, нібыта праз тэатральную ініцыяцыю, прайшло не адно пакаленне акцёраў гэтага тэатра. І вось, напрыканцы сезона на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы з'явілася яшчэ адна яркая камедыя: спектакль "Вячэра з прыдуркам" паводле твора французскага драматурга Франсіса Вэбэра. Рэжысёр Мікалай Пінігін ужо не першы раз звяртаецца да гэтага твора: некалькі гадоў таму прыхільнікі сталічнай антрэпрызы маглі бачыць "Вячэру з прыдуркам" у ягонай пастаноўцы на сцэне ДК Дзяржынскага. Сёння, у статусе мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатра, ён вырашыў яшчэ раз звярнуцца да гэтага бліскучага ўзору камедыйнага жанру. Пры гэтым сам рэжысёр зазначае: цяперашні зварот да п'есы Вэбэра прадыктаваны новымі ўмовамі, у якіх неўзабаве мусіць апынуцца Купалаўскі тэатр, што ў хуткім часе закрыецца на рэканструкцыю, з прычыны чаго спектаклі будуць іграцца не "дома", а на іншых пляцоўках горада. Хочацца дадаць, што наведвальнікі антрэпрызы і прыхільнікі Купалаўскага тэатра складаюць даволі розныя глядацкія сегменты, у сувязі з чым гэта не стала механічным паўторам-пераносам, а ўсётакі - новым зваротам да твора. Наўрад ці варта на старонках нашай газеты пераказваць сюжэт. Скажу толькі, што ў галоўных ролях - улюбёнцы гледачоў Віктар Манаеў (Франсуа Піньён) і Сяргей Журавель (П'ер Брашан), якія цягам дзвюх з паловай гадзін накрываюць нас каскадам-вадаспадам вострых камедыйных сітуацый і дасціпнага гумару. Сярод астатніх акцёраў, чыя ігра ўтварае на сцэне бліскучы ансамбль, асабліва вылучаеццаГеоргій Маляўскі ў вобразе падатковага інспектара, які дэманструе бліскучы клас купалаўскай акцёрскай школы. Зрэшты, усё акцёрскае майстэрства і імправізацыйны дух, якія пад час спектакля валадараць на сцэне, не засланяюць галоўнага: лёгкасці самой камедыі і, разам з тым, яе глыбокага гуманістычнага стрыжня.

Таццяна КОМАНАВА

На здымках: сцэны са спектакля "Вячэра з прыдуркам".

Фота Юрыя ІВАНОВА