На дарослых і дзяцей — разлічыся!

№ 30 (898) 25.07.2009 - 31.07.2009 г

VII Міжнародны дзіцячы музычны конкурс “Віцебск-2009” прыпаў сёлета на апошнія дні “Славянскага базару ў Віцебску”, стаўшыся годным клічнікам фестывалю. А разам з “дарослым” конкурсам, які, наадварот, сёлета праходзіў у пачатку славутага форуму мастацтваў, яны ўтварылі быццам гэткае конкурснае кола. Тым больш, што дзіцячы конкурс прадэманстраваў папросту неверагодны ўзровень.

Прафарыентацыя - з маленства

Калі фестываль, што праходзіў 18-ы раз, віталі з "паўналеццем", дык сёмы па ліку дзіцячы спеўны конкурс, можна сказаць, дасягнуў школьнага ўзросту. І напоўніцу адлюстраваў працэс акселерацыі: цяперашнія дзеткі ідуць у школу не дзеля таго, каб навучыцца чытаць і пісаць, а каб настаўніца праверыла, чаму яны ўжо навучыліся. Міжволі ўзнікалі паралелі і з дзіцячым "Еўрабачаннем" - зноў-такі, на карысць нашага "базарчыку". Праўда, з адной папраўкай: там, паводле ўмоў, спаборнічаюць песні, напісаныя самімі дзецьмі, а ў Віцебску - непасрэдна юныя спевакі. Затое журы можна было хіба паспачуваць: на вышэйшыя ўзнагароды мог прэтэндаваць літаральна кожны другі ўдзельнік, калі не болей. Невыпадкова расійская спявачка Варвара, якая была адным з членаў журы, заснавала свой уласны прыз, уручыўшы яго Вірджыліі Сідзі (Італія). Запомніліся і Шахрух Юнусаў з Таджыкістана (дарэчы, краіна ўпершыню даслала свайго канкурсанта на гэтае спаборніцтва), і абодва расійскія "кандыдаты": больш "класічная" Алеся Палішчук з Татарстана і гэткі "жыўчык" Робік з Сібіры. Вельмі стыльнай падалася Насця Цвяткова (Латвія) - з адметнай мяккай пластыкай у рухах і ў голасе. Вольнай, нязмушанай вакальнай манерай вылучалася і Русудан Мчэдлішвілі (Грузія), у якой на другі дзень, на жаль, не ўсё атрымалася. Гран-пры атрымала Марыя (Румынія): вельмі кранулі яе шчырыя спевы пра маці, прыгожы голас, тонкая нюансіроўка гуку з дапамогай мікрафона. Цалкам сфарміраваным прафесіяналам з абсалютна дарослымі поглядамі на жыццё падаўся Андранік Алексанян (Украіна, І прэмія). Кантрастам стрыманых "пастэльных" спеваў, сыходзячых у глыбінныя літоўскія традыцыі, і яркага джазавага вакалу ўразіла Каміле з Вільнюса. Яна падзяліла ІІІ прэмію з Анэль Каршыгаевай (Казахстан), якая добра валодае нацыянальнай манерай, але крыху рэзкім голасам і, адпаведна, "ваяўнічым" тэмпераментам.

І Лаліта, і Маша

Не прайгравалі на гэтым фоне і нашы ўдзельнікі. Крыху разгубілася на лёсаванні Лаліта: у яе не такі ўжо багаты вопыт міжнародных спаборніцтваў, а тым больш - такога высокага рангу. Дый для папярэдняга знаёмства была абрана, на жаль, "не тая" песня: яна дэманстравала адно любоў да радзімы, а не вакальныя і артыстычныя магчымасці дзяўчынкі. Затое далей яе выступленні ішлі "на ўзлёт", і "Музыка" Алены Атрашкевіч на словы Васіля Жуковіча, праспяваная ў апошні дзень, сталася адным з самых яркіх момантаў конкурсу. Дзіцячай непасрэднасцю вылучалася Маша Новік, выхаванка Святланы Стацэнка - кіраўніка Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Мулявіна. Дзесяці балаў з плюсам заслугоўвала і сцэнічнае вырашэнне яе песень, якое дапамагала "пераключыць" даволі дарослы паводле песенных тэкстаў рэпертуар у дзіцячае рэчышча. Мары пра каханне ("Падару пярсцёнак") набылі казачнае ўвасабленне: танцавальна-гумарыстычны "пераказ" вядомай "Царэўны-лягушкі".

Іронія гульні: як "мышкі" з'елі "котку"

Паводле даўняй традыцыі "Славянскага базару ў Віцебску", дзіцячы конкурс быў максімальна тэатралізаваны. Арганізатары штогод знаходзяць усё новыя вобразна-сюжэтныя павароты, адлюстраваныя і ў сцэнаграфіі, і ў і самім правядзенні праграм. Сёлета гэта былі баляванні ў замку- з удзелам казачных персанажаў. Дый лёсаванне ператварылася ў "казку з працягам": нумары на чароўных яблыках указвалі парадак, паводле якога ўдзельнікі выходзілі на сцэну, каб кінуць кубік, пераставіць фішку ў адпаведнасці з колькасцю выпаўшых ачкоў, і так - двойчы, бо кожны з конкурсных дзён праводзіўся па сваім раскладзе. Усё гэта, вядома, займальна, але рускамоўных дзяцей на міжнародным спаборніцтве было не так многа, і для большасці юных канкурсантаў, нягледзячы на намаганні перакладчыкаў, тая "казка" засталася надта таямнічай. Як і словы песні "Надзея" А.Пахмутавай, якую, па задумцы, павінны былі спяваць усе канкурсанты: спачатку- у фінале лёсавання, потым - дзіцячага гала-канцэрта. Не абышліся без "дзівосаў" і конкурсныя прыгоды ў замку. Асабіста мне дый многім іншым гледачам было неяк няёмка слухаць "разборкі" паміж капрызнай Прынцэсай (Ксеніяй Сітнік) і ледзь не ў тры разы старэйшым за яе прыдворным распарадчым (Сяргеем Кухто). Слухаючы вядучых, можна было падумаць, што паміж дарослымі і дзецьмі прынцыпова не можа быць узаемаразумення - адно гульня "ў кошкі-мышкі", дзе, паводле правілаў тынейджарства, не "коткі" "з'ядаюць" маленькіх "мышак", а наадварот. Не смешна станавілася пры паўторах фразы: "Вечна гэтыя дарослыя!.." А вось песні пераконвалі ў іншым: што дзятва падрасла і стала звяртацца да сур'ёзных лірыкапатрыятычных тэм. І што без мудрых бацькоў і настаўнікаў ёй гэта было б не пад сілу.

Фота Дзмітрыя ЕЛІСЕЕВА