Пейзажы яго Гомельшчыны

№ 30 (898) 25.07.2009 - 31.07.2009 г

Гэтак жа, як паэты апяваюць прыгажосць роднага краю, мастакі ўвасабляюць свае пачуцці і перажыванні ў палотнах... Яркі прыклад такой глыбокай адданасці роднаму краю, што вылілася на паперу, — графіка гомельскага мастака Васіля Аксамітава.

/i/content/pi/cult/219/2774/11-4.jpg

У фондах музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля захавана вялікая калекцыя работ, якія ён ствараў у сярэдзіне мінулага стагоддзя. Творы, выкананыя алоўкам, тушшу і акварэллю, прысвечаны Гомелю і яго ваколіцам. Значнае месца адводзіць мастак пейзажнаму жанру, адлюстроўваючы прыгажосць беларускіх мясцін, маляўнічыя сожскія берагі. Ёсць лісты і з выявамі Гомеля, разбуранага вайной. Акрамя твораў Аксамітава, у музеі захоўваюцца і асабістыя рэчы мастака: граматы, пасведчанні, фотаздымкі, пэндзлі, алоўкі. Нарадзіўся Васіль Палікарпавіч у 1886 годзе ў Гомелі ў сялянскай сям'і. На пачатку стагоддзя вучыўся ў чыгуначнай школе і Тэхнічным чыгуначным вучылішчы. Быў удзельнікам Першай сусветнай вайны, пасля заканчэння якой атрымаў адукацыю інжынера-будаўніка. Захварэў, стаў інвалідам. Перажыў акупацыю пад час Вялікай Айчыннай. Пасля заканчэння вайны прымаў удзел у аднаўленні завода імя Кірава. З 1930 года ўвесь свой вольны час аддае мастацтву. Работы ягоныя бралі ўдзел у абласных і рэспубліканскіх выстаўках народнай творчасці. На жаль, пад час Вялікай Айчыннай вайны загінула большая частка твораў мастака. Літаральна нічога не засталося ад амаль 15-гадовай працы. Але ўжо ў 1946-м яго работы прымаюць удзел у абласной і рэспубліканскай выстаўках, дзе іх адзначаюць дыпломамі. На Беларускай дэкадзе ў Маскве ў 1955 годзе Аксамітаў быў узнагароджаны Граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. У тым жа годзе адбылася першая персанальная выстаўка мастака, дзе экспанавалася больш за 300 твораў, выкананых акварэллю, алоўкам, пяром. У лютым 1956 мастака не стала. Ён так і не паспеў скончыць панараму Гомеля, над якой працаваў у апошнія гады. Больш за паўстагоддзя прайшло з таго часу, калі творца памёр, але, на шчасце, засталася яго мастацкая спадчына. І ацаніць яе сёння - задача нашага пакалення.

Эльвіра МАКУШНІКАВА, загадчык рэстаўрацыйнаафармленчага аддзела музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля