...І такіх людзей нельга перамагчы

№ 30 (898) 25.07.2009 - 31.07.2009 г

“Заір Азгур. Хроніка ваенных часоў” — так называецца унікальная выстаўка, якая экспануецца ў Мемарыяльным музеі-майстэрні З.І. Азгура — народнага мастака Беларусі і СССР, Героя Сацыялістычнай працы, двойчы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, акадэміка (1908 — 1995 гг.). Выстаўка праводзіцца ў рамках святкавання 65 гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 /i/content/pi/cult/219/2772/11-2.jpg

Упершыню прэзентаваны фатаграфіі і дакументы 1941 - 1944 гадоў, у тым ліку - фота З.Азгура за работай над партрэтамі М.Гастэлы і Героя Савецкага Саюза А.Яроменкі, фота, дзе мы бачым З.Азгура з М.Шмыровым і мастаком Я.Кацманам у Цэнтральным штабе партызанскага руху. Прадстаўлены таксама сведчанні ЦК КП(б) Беларусі аб камандзіроўцы Азгура ў Новасібірск і Томск ад 22.10.1941 г., Новасібірскага абкама УКП(б) аб накіраванні скульптара ў Маскву ад 10.03.1942 г., а таксама дыплом Камітэта па справах мастацтваў пры СНК СССР Азгуру за партрэты, якія экспанаваліся на Усесаюзнай выстаўцы "Вялікая Айчынная вайна" ў 1943 г. Ну і, канешне, на сённяшняй выстаўцы шырока прадстаўлены цыкл партрэтаў герояў Вялікай Айчыннай і кампазіцыі на ваенную тэму - усяго каля 60 твораў у гіпсе, бронзе, мармуры. ...22 чэрвеня 1941 года. Вайна! Усе даваенныя творчыя планы Азгуру давялося адкласці на няпэўны час. А што трэба рабіць сёння, заўтра? Адно было ясна: знайсці сваё месца ў народным страі. Да агульнага гора дадаліся пакутлівыя турботы мастака: як уратаваць творы, куды іх схаваць? Выйсця не было: іх давялося пакінуць у майстэрні. Вораг падыходзіў да Мінска, і трэба было хутка ўцякаць. Ноччу 27 чэрвеня Заір Ісаакавіч з дакументамі і альбомам рэпрадукцый твораў пакінуў горад і рушыў па Магілёўскай шашы на Паўднёвы Усход. Праз некалькі дзён дабраўся да Магілёва, потым, з 9 жніўня, ужо ў Гомелі, стаў загадчыкам мастацкага аддзела рэдакцыі агітплаката пры ЦК КП(б) Беларусі. 6 кастрычніка 1941 года ЦК КП(б) Беларусі накіроўвае Азгура ў Новасібірск і Томск, дзе скульптар становіцца мастацкім рэдактарам ілюстраванай газеты "За Радзіму" і намеснікам старшыні томскага аддзялення Саюза мастакоў. Але праз паўгода ён ужо ў Маскве - зноў жа, па выкліку ЦК КП(б) Беларусі - і да 1944-га знаходзіцца ў распараджэнні Цэнтральнага штаба партызанскага руху. Менавіта тут, пры Упраўленні па справах мастацтваў пры СНК БССР, працуе ў аддзеле прапаганды. Тады і прыйшло да яго рашэнне стварыць цыкл партрэтаў герояў Вялікай Айчыннай вайны: партызанаў, лётчыкаў, военачальнікаў, радавых. Займаў майстэрню на Вялікай Маслаўцы, 15. Тварыць даводзілася ў цяжкіх умовах. Заір Ісаакавіч мне расказваў: "Помню адзін з такіх дзён. Восень 42-га. Ляпіў генерала Крывашэіна. Ляпіў хутка, без перакураў: часу для пазіравання ў генерала было мала. У горле ў мяне перасохла, спіна ўся мокрая. Крывашэін заўважыў, кажа: "Вочы ў вас запалі. Вам трэба адпачыць крышку. Я пачакаю..." Другім разам у час сеанса не змаўчаў Мінай Шмыроў: "Як вы працуеце ў такой халоднай майстэрні? Вы ж рукі адмарозіце, раматус набудзеце, нельга вам псаваць рукі! Беражыце іх! Для чалавека, ведаеце, рукі - гэта ўсё..." У такіх умовах Азгур ляпіў Васіля Казлова, партызанскую разведчыцу Паліну Патоцкую, Аляксандра Малодчага, Аляксандра Радзімцава. З гэтай майстэрні выйшлі яскравыя партрэты Віктара Талаліхіна, Міхаіла Сільніцкага, Ціхана Бумажкова, Феадосія Смалячкова, Льва Даватара, Мікалая Гастэлы. Асабліва цікава было ляпіць з натуры партызана, стогадовага дзеда Талаша, які якраз у пачатку 1943 года быў у Маскве. Твар Васіля Іванавіча адразу прыцягваў увагу мастака ярка выяўленым беларускім тыпажам: вялікі лоб мудраца, разумныя вочы, буйны нос бульбай і сялянская барада клінам - усё было скульптурна цэласным, своеасаблівым, характарным. Перад пачаткам першага сеанса дзед Талаш папрасіў скульптара: "А мяне ты, Заір, вылепі, ведаеш, як? Як Карла Маркса: на кані і з шабляй..." Штось народнае, з легенд пра герояў, ёсць у такога роду наіўнасці, разважаў мастак, і такі народ нельга перамагчы... Пасля вызвалення Мінска скульптар вяртаецца ў Беларусь і прызначаецца галоўным мастаком Дома Урада.

Барыс КРЭПАК