Беларускі вектар для фальклору

№ 30 (898) 25.07.2009 - 31.07.2009 г

У Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі завяршылася Міжнародная навуковая канферэнцыя “Сусветная фальклорная спадчына: мінулае, сучаснае, перспектыўныя напрамкі даследавання” пад эгідай Камісіі па народнай творчасці Міжнароднага таварыства этнолагаў і фалькларыстаў. У прадстаўнічай падзеі прынялі ўдзел вядучыя спецыялісты ў гэтай галіне з 23 краін свету. Уражаннямі ад падзеі і, увогуле, ад Беларусі, нашага фальклору, карэспандэнт “К” папрасіў падзяліцца некаторых удзельнікаў канферэнцыі.

/i/content/pi/cult/219/2771/6-1.jpg

Наталі КАНАНЕНКА, Олберцкі універсітэт (Канада):

- Рада, што канферэнцыя адбылася менавіта ў Беларусі. Тут паказалі сябе нямала маладых навукоўцаў. Я і мае калегі пабывалі на экскурсіях. Дарэчы, Мінск мне спадабаўся: вельмі прыгожы горад. Я ў ім - упершыню. А ў скансене мне давялося перакладаць тое, што гаварыў экскурсавод (наш перакладчык не валодаў спецыфічнай тэрміналогіяй), на англійскую мову. Беларуская фальклорная школа - еўрапейская: вашы даследчыкі, як і паўсюль у Еўропе, робяць акцэнт на зборы матэрыялаў. У нас жа - на яго наступнай класіфікацыі. Варта было б, мне падаецца, з гэтых дзвюх тэндэнцый узяць самае лепшае і аб'яднаць. Фальклор у Еўропе і Паўночнай Амерыцы разумецца па-рознаму. Скажам, у Канадзе даследуюць паданні і балады, звязаныя з сучаснасцю. Да фальклору адносяць і сучасныя гісторыі, дзе, напрыклад, дзядуля распавядае ўнукам, як ён у дзяцінстве хадзіў у школу босым па снезе. Калі дадзены аповед перайшоў ад дзеда да бацькі і, можа, да сына, тады гэтая з'ява называецца персанальным наратывам. Таксама часта вывучаюцца фальклорныя матывы ў кіно, у папулярнай літаратуры. Мой даклад якраз прысвячаўся даследаванню фальклору ў кіно і ТБ на прыкладзе мастацкіх фільмаў "Багдан Хмяльніцкі" ды "Тарас Бульба". Дарэчы, я шмат бываю ва Украіне, запісваю фальклор. Але цяпер маіх землякоў багата ў канадскім Эдмантане. Разам з калегамі наведваем тамтэйшыя ўкраінскія паселішчы. У нас выхадцаў з Украіны жыве некалькі мільёнаў. Некалі яны былі ў Канадзе трэцяй па колькасным складзе этнічнай групай. А сёлета ў нашым універсітэце будзе працаваць аспірантка з Расіі, якая пачне вывучаць фальклор рускіх духабораў Канады. Пакуль не вывучаем беларускі фальклор, але спадзяёмся, што да нас прыедуць навукоўцы з Беларусі і дапамогуць распачаць яго даследаванне. Нам хацелася б мець бібліятэку па беларускім фальклоры. Сустрэча паказала, што фальклор ва ўсіх краінах - падобны. Мы вырашылі на пасяджэнні, што варта стварыць індэкс сюжэтаў. Зрэшты, трэба мець больш стасункаў, каб бачыць, што тут агульнае, а што - спецыфічнае.

Адрыена ХЭРЫС, выкладчык Тэхаскага універсітэта (ЗША):

- На канферэнцыі рабіла дакладаб чэшскім фальклоры ў Тэхасе, дзе прадстаўнікі гэтай нацыянальнасці жывуць каля 150 гадоў, і многія з іх размаўляюць па-чэшску, захоўваюць свае песні. Што да маіх уражанняў аб Мінску, аб канферэнцыі, дык яны - самыя станоўчыя. Я даўно хацела пабываць у Беларусі. Мне вельмі спадабалася ваша сталіца. Я зараз жыву ў Маскве. Гэта вялікі, цікавы горад, але там усё іншае. Мінск жа прываблівае сваёй камфортнасцю. Беларусь цікавая сваёй адметнай культурай, фальклорам. Вялікае ўражанне пакінуў музей беларускай народнай архітэктуры і побыту пад адкрытым небам у Строчыцах. Мы пачулі цудоўныя беларускія народныя песні, убачылі прыгожыя нацынальныя строі. Беларусь і яе культура невядомыя ў Амерыцы. Буду рада распавесці на радзіме аб Мінску, вашым фальклоры.

Аляксандр ЛАКОТКА, дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар архітэктуры і гісторыі, прафесар :

 - Гэтую канферэнцыю можна лічыць лагічным працягам той лініі, якую праводзяць UNESCO, еўрапейскія гуманітарныя арганізацыі ў Беларусі, вывучаючы духоўную культуру, нашу спадчыну. Вядома, што ў еўрапейскім культурным ландшафце духоўная спадчына Беларусі ў яе гістарычным лёсе захавалася найбольш поўна і аўтэнтычна. І сёння гэта шмат кажа аб тым, якія формы запаведнасці ўвогуле існуюць у Еўропе, дзе наша краіна - унікальны запаведнік духоўнай культуры. Цяпер з'яўляюцца і новыя ідэі міжнародных турыстычных маршрутаў: "З варагаў у грэкі", "Старажытны бурштынавы шлях", "Старажытны шаўковы шлях". І ва ўсіх важным складнікам з'яўляецца духоўная спадчына. Не толькі па лінні UNESCO, Міжнароднай арганізацыі народнай творчасці, прадстаўнікі якой прымалі ўдзел у канферэнцыі, а і праз Еўрапейскі савет па культуры ўзнімаюцца праблемы захавання нацыянальных культур, моў. Тое, што інтэлектуальны, гуманітарны, культурны вектар Еўропы сёння звернуты ў наш бок, паказвае зацікаўленасць у захаванні беларускай духоўнай спадчыны. Правядзенне навуковай канферэнцыі такога высокага ўзроўню павінна даць стымул далейшаму развіццю беларускай навукі. Сэнс правядзення такіх форумаў - актывізацыя вывучэння, прыцягненне ўвагі да духоўнай спадчыны канкрэтнай краіны. У выніку такіх сустрэч з'яўляюцца канкрэтныя дамоўленасці. Напрыклад, з прадстаўнікамі Польшчы, Германіі, Румыніі мы дамовіліся аб распрацоўцы сумесных праектаў пад эгідай UNESCO, Міжнароднай арганізацыі народнай творчасці, Камісіі па этнаграфіі і фальклору Еўрапейскага савета па культуры для стварэння, папаўнення калекцый, для навуковага забеспячэння, уключэння новых помнікаў фальклору Беларусі ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей і Сусветнай культурнай спадчыны.

Гутарыла Наталля КІРПІЧЭНКАВА