Культурная Дамінанта V з’езда суайчыннікаў

№ 30 (898) 25.07.2009 - 31.07.2009 г

Вядома, што культура — гэта унікальны дыпламат самага высокага класа. Названая яе ўласцівасць дэманструе нацыянальную адметнасць кожнага народа ў сучасным свеце. Яна, культура, ідэнтыфікуе і рэпрэзентуе праз духоўныя здабыткі тую ці іншую нацыю на міжнароднай арэне, становіцца арыенцірам для далейшага развіцця стасункаў паміж дзяржавамі, а таксама яднае суайчыннікаў па ўсёй планеце. Менавіта з гэтай прычыны “культурны кантэкст” панаваў у зале Міжнароднага адукацыйнага цэнтра, дзе сабраліся прадстаўнікі беларускай дыяспары ў дні V З’езда беларусаў свету. Усяго ў ім узялі ўдзел больш за 200 дэлегатаў з 17 краін. Якраз на культурным падмурку грунтавалася і цэнтральная тэма сустрэчы суайчыннікаў у Мінску: нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў у сучасным свеце, праблемы яе захавання і развіцця.

 /i/content/pi/cult/219/2770/6-2.jpg

Аб шырокую геаграфію дэлегатаў сведчыць ужо той факт, што ў рабоце форуму прымалі ўдзел госці, у прыватнасці, з Расіі, ад якой прыехала найвялікшая колькасць нашых суайчыннікаў, а таксама з Польшчы, Літвы, Латвіі, Велікабрытаніі, ЗША, Канады і нават Новай Зеландыі... Госці, дэлегаваныя на мерапрыемства, адзначылі важнасць прамога дыялога з прадстаўнікамі розных міністэрстваў і ўстаноў Радзімы. Па прызнанні многіх дэлегатаў з'езда, з якімі давялося пагутарыць, пытанні нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў шмат у чым вызначаюць дзейнасць іх арганізацый, спрыяюць кансалідацыі выхадцаў з Беларусі і дазваляюць пастаянна сачыць за развіццём культуры іх радзімы на сучасным этапе. Не выпадкова прадстаўнікі дыяспары з вялікім інтарэсам знаёміліся з навінкамі літаратуры і музыкі, сродкамі масавай інфармацыі Беларусі, у тым ліку - газетай "Культура" і часопісам "Мастацтва", і выданнямі арганізацый беларусаў замежжа ў час выстаўкі ў фае Міжнароднага адукацыйнага цэнтра, дзе і праходзіў форум. Дэлегаты з'езда беларусаў свету з Польшчы і Латвіі адзначылі ў гутарцы з карэспандэнтам "К", што адной з мэт наведвання Бацькаўшчыны стала якраз іхняе знаёмства з апошнімі культурнымі дасягненнямі Беларусі. На названы аспект супрацоўніцтва з дыяспарай звярнуў пільную ўвагу міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка. Міністр згадаў Пасланне беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, дзе беларускі Лідэр падкрэсліў: "У Год роднай зямлі павінны з'яднацца ўсе беларусы: не толькі тыя, хто пражывае на радзіме, але і тыя, хто па розных прычынах апынуўся за мяжой. Беларуская дыяспара павінна адчуваць датычнасць да падзей, што адбываюцца ў краіне. Але і мы павінны праявіць свой клопат пра суайчыннікаў, якія аказаліся за мяжой". І гэтая дзейнасць актыўна праводзіцца. Як адзначыў міністр культуры, цягам некалькіх апошніх гадоў за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту набыты і накіраваны грамадскім арганізацыям суайчыннікаў замежжа музычныя інструменты, камп'ютэрная тэхніка і літаратура. Да таго ж, творчым калектывам былі перададзены 442 камплекты сцэнічных беларускіх касцюмаў. І ў далейшым, па словах Паўла Латушкі, Міністэрства культуры адкрыта да супрацоўніцтва як з грамадскімі арганізацыямі, так і з канкрэтнымі асобамі ў справах папулярызацыі беларускай культуры. У тым ліку, у арганізацыі супольных канцэртаў, выставак, прэзентацый, і асабліва - у межах ініцыяванай творчай акцыі "Фестываль беларусаў замежжа". Зацікаўлена Міністэрства культуры і ў паступовым стварэнні культурных цэнтраў Беларусі, аналагічна арганізаванаму пры пасольстве нашай краіны ў Польшчы. У перспектыве значную ролю ў сістэматычнай падтрымцы дыяспары павінна адыграць і ўрадавая праграма "Беларусы свету". Міністр падкрэсліў, што такія адказныя мэты, як умацаванне і далейшае развіццё беларускай нацыі, нашай культуры і мовы, дзяржаўнасці, - гэта менавіта тое, што аб'ядноўвае і садзейнічае дыялогу паміж Радзімай і дыяспарай. Была прадстаўлена шырокая інфармацыя аб тым, што робіцца ў дзяржаве ў сферы культуры і што плануецца ў будучым. Дарэчы, праца ўдзельнікаў з'езда вялася па секцыях "Сродкі нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў у Беларусі і свеце", "Магчымасці ўзаемадзеяння метраполіі і дыяспары ў захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці і культурнай спадчыны беларусаў" і "Беларуская ідэнтычнасць у еўрапейскім кантэксце", дзе надзённыя аспекты абмяркоўваліся ў больш вузкім фармаце. Акрамя пытанняў культуры, на з'ездзе закраналіся аспекты эканамічнага супрацоўніцтва і нарматыўных стасункаў паміж Рэспублікай Беларусь і дыяспарай. Намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур адзначыў, што беларусы замежжа могуць садзейнічаць прытоку ў краіну замежных інвестыцый і росту айчыннага экспарту. У сваю чаргу, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка ў сваім выступленні выказаў спадзяванне, што арганізацыі беларускай дыяспары пашыраць супрацоўніцтва з рэгіёнамі Беларусі і беларускімі гарадамі-пабрацімамі. Адзначыў, што меркаванні дэлегатаў і гасцей з'езда будуць улічаны пры прыняцці Закону "Аб беларусах замежжа". Ён прапанаваў прадстаўнікам беларускай дыяспары ўвайсці ў Каардынацыйны саветкіраўнікоў беларускіх аб'яднанняў за мяжой пры апараце Упаўнаважанага. Дэлегаты з'езда ў размове з прадстаўнікамі міністэрстваў і ведамстваў краіны не абышлі ўвагай пытанні, звязаныя з атрыманнем бясплатных беларускіх віз, адменай рэгістрацыі пры наведванні Радзімы, магчымасцю атрымання беларускай моладдзю замежжа сярэдняй і вышэйшай адукацыі ў рэспубліцы на льготных умовах. Таксама прадстаўнікі дыяспары заклікалі спрыяць аб'яднанням беларусаў замежжа ў падпісцы на беларускамоўныя выданні, якасць якіх была ацэнена надзвычай высока. Вялікая колькасць пытанняў адрасавалася міністру культуры, што пацвярджала асаблівую зацікаўленасць беларусаў замежжа да пашырэння супрацоўніцтва ў культурнай сферы. Нават дзвюхгадзіннай сустрэчы не хапіла, каб задаволіць адказамі ўсіх землякоў, таму гутарка з дэлегатамі яшчэ доўга працягвалася пасля яе. Асаблівая ўвага акцэнтавалася на пытаннях вяртання культурных каштоўнасцей, святкавання 600-годдзя Грунвальдскай бітвы, падыходаў да праекта праграмы развіцця манументальнага мастацтва Беларусі да 2012 г. Па выніках форуму быў прыняты шэраг дакументаў. У прыватнасці - гэта праграма "Беларусы ў свеце" на 2009 - 2013 гады, Зварот да Нацыянальнага сходу і Урада Рэспублікі Беларусь аб прыняцці Закону "Аб беларусах замежжа", шэраг зваротаў да кіраўніцтва краіны і грамадскасці, выніковая рэзалюцыя "Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў у сучасным свеце: праблемы захавання і развіцця". Усе гэтыя дакументы яшчэ раз засведчылі інтарэс прадстаўнікоў дыяспары да сацыяльна-палітычнага і грамадска-культурнага жыцця рэспублікі, зацікаўленасць суайчыннікаў за мяжой у трывалых кантактах з радзімай. Асабліва гэта набывае актуальнасць, калі яднанне нацыі з'яўляецца адной з найважнейшых задач дзяржаўнай палітыкі Беларусі.

Кастусь АНТАНОВІЧ