Каб не сыпаліся, як з меха…

№ 30 (898) 25.07.2009 - 31.07.2009 г

На нашу думку, у тэму артыкула пра аўдыёкнігі прыйшоўся і ліст у рэдакцыю ад мовазнаўцы Алеся Каўруса. Калі аўдыёпрадукцыя ў выкананні прафесійных акцёраў можа дапамагчы вывучыць арфаэпію роднай мовы, то радыё і ўвогуле мусіць быць узорам для дакладнага вымаўлення і трапнага ўжывання слоў.

"Высакароднай мэце - павышэнню культуры мовы - закліканы служыць перадачы Беларускага радыё і канала "Культура", прысвечаныя розным аспектам роднага слова. Гэта "Моўная хвілінка", "Роднае слова", "Гаворым пабеларуску. Моўныя парады ад Маргарыты Прохар". Слухаючы "Моўную хвілінку" ў апошнія гады, я заўважыў як станоўчае ў асвятленні пытанняў, што ўзнімаюцца, так і пэўныя недахопы. Пра гэта пісаў і ў друку. Як агульны недахоп перадач пра мову адзначаў, што тэмы для іх бяруцца не з маўленчай практыкі, а "пастаўляюцца" слоўнікамі і граматыкамі, дзе шырока адлюстраваны розныя групы слоў, іх формы, варыянтнасць. Аўтары перадач імкнуцца знаёміць слухачоў з гэтым моўным багаццем, дапамагчы выкарыстоўваць яго як найлепш. Але часам іх падпільноўвае няўдача, калі яны ствараюць штучныя маўленчыя сітуацыі, кантэксты, каб з іх дапамогай узяць для аналізу тое ці іншае слова, выраз. На жаль, час прайшоў, але адзначаныя недахопы яскрава нагадваюць пра сябе, калі слухаю "Моўныя парады...". Аўтар слушна зазначыла, што пры выбары і ўжыванні моўных сродкаў трэба ўлічваць такую істотную рысу добрай мовы, як дарэчнасць, кіравацца патрабаваннямі культуры мовы і стылістыкі. А калі пачала прыводзіць прыклады і тлумачыць іх, то фактычна скасавала сказанае. М.Прохар давяла да ведама слухачоў, што непажадана выкарыстоўваць у гутарцы словы "дах", "пляц": яны - з нямецкай мовы. Трэба карыстацца сінонімамі "страха", "участак". Тут, як мінімум, - тры недакладнасці. Папершае, гэтыя словы, паводле лексіколага А.Булыкі, прыйшлі ў беларускую мову непасрэдна з польскай (а ў польскую - з нямецкай). Па-другое, запазычанасць слова - не перашкода, каб яго ўжываць у розных стылях мовы. Па-трэцяе, у гутарковай мове без абмежавання ўжываюцца ўсе чатыры названыя журналісткай словы. А "пляц", у прыватнасці, даўно "прапісаўся" ў беларускім побытавым маўленні. Нельга без агаворак пагадзіцца, што, як мяркуе М.Прохар, па-беларуску не вельмі дарэчна казаць: "наведваць бібліятэку", а трэба: "хадзіць у бібліятэку". Ёсць і сэнсавае адрозненне ў гэтых словах. "Наведваць" - гаворыцца больш дакладна, адназначна. "Хадзіць" у бібліятэкуможна не толькі дзеля кніжна-інтэлектуальных інтарэсаў... Агульнае ўражанне ад перадачы: перагружанасць моўнымі фактамі. Да таго ж, пра іх гаварылася паспешліва, невыразна. У наступных выпусках "Моўных парад..." было нямала карыснага. Так, паказвалася падабенства і адрозненне назоўнікаў "пісьменнасць", "пісьменнасць", "пісьменства", асаблівасці іх ужывання. Звярталася ўвага на неабходнасць адрозніваць словы "пазычыць", "пазычаны" і "запазычыць", "запазычаны": "пазычаныя алоўкі" - "запазычаныя фразеалагізмы". Слушна адзначана, што некаторыя аўтары недакладна выкарыстоўваюць дзеяслоў "адбыцца": як мастак ён не адбыўся. Тым самым ігнаруюцца традыцыйныя лексічныя сродкі беларускай мовы: "выявіцца", "здзейсніцца", "раскрыцца", "спраўдзіцца". А можна сказаць прасцей: мастак з яго не атрымаўся; мастака з яго не выйшла; мастаком ён не стаў. Добра, што фразеалагізмы бяруцца для разгляду збольшага тыя, што выкарыстоўваюцца ў мове нашых сучаснікаў: "вывесці на чыстую ваду", "заблудная авечка", "лынды біць". Але трапляюцца і рэдкія, неактуальныя фраземы, накшталт "авохці мне!". Думаю, шмат каму было цікава пачуць, што слова "знахар" трэба вымаўляць з націскам на апошнім складзе. Пад час перадачы слухач мог даведацца, ці правільна ён ставіць націск у словах "на працягу", "крыху". А што да фанетычных варыянтаў ыпадак - выпадак", то тут прагучала празмерная катэгарычнасць: выбірайце толькі першы варыянт. Гэтаксама катэгарычна М.Прохар сцвярджала, што трэба казаць яжкі", яжкага" - з націскам на першым складзе, а не на другім. Насамрэч, гэтыя варыянты, як і ыпадак - выпадак", здаўна суіснуюць у беларускай мове. Некалькі заўваг наконт структуры перадач "Моўныя парады...". Цяпер яны ідуць як трохчасткавыя. На маю думку, у залежнасці ад складанасці і аб'ёму матэрыялу, можна адступаць ад гэтых рамак. Кароткі час перадачы (3 - 4 хвіліны), лічу, выкарыстоўваецца неэканомна: значную частку яго забіраюць паведамленне планазместу заняткаў, заклікі дыктара, аўтарскія падагульненні. Слухач запамятае імя і прозвішча аўтара "Моўных парад...", бо яны не раз называюцца. Мяркую, было б не лішне часам паведамляць і крыніцу звестак, фактаў (называць навукоўцу, кнігу). Урэшце, падкрэслім: галоўнае- адбор матэрыялу і методыка яго падачы. Каб звесткі не сыпаліся, як з меха, на галаву слухача, а- падаваліся сістэмна, паслядоўна. Зразумела, гэта ўсё патрабуе часу, намаганняў і, напэўна, пашырэння рэдакцыі перадачы. Звернем увагу яшчэ на адну неабходную ўмову выніковасці моўных праграм: тэкст павінен агучвацца не хутка (як цяпер), а ў натуральным для нашай моўнай плыні тэмпе. Робячы гэтыя заўвагі, жадаецца аднаго: каб узровень радыёперадач пра мову няўхільна павышаўся. Тым больш, паводле паведамленняў прэсы, вопыт стварэння такіх праграм на радыё мяркуецца выкарыстаць пры заснаванні спецыяльнай тэлеперадачы.

Алесь КАЎРУС, кандыдат філалагічных навук"