Думаю, не памылюся, калі скажу, што сёння ў беларускай тэатральнай прасторы імя Галіны Дзягілевай трывала асацыіруецца з амаль падзвіжніцкай прапагандай жанру монаспектакля і яе дзецішчам — Беларускім паэтычным тэатрам аднаго акцёра “Зьніч”. Між іншым, па заканчэнні Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута Галіна Дзягілева каля семнаццаці гадоў працавала ў Віцебску ў цяперашнім Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, дзе сыграла каля 50 роляў. Прагная да актыўнай творчасці, яна з задавальненнем прыняла прапанову ўвайсці ў трупу Маладзёжнага тэатра, які толькі-толькі адкрыўся ў Мінску.
А потым была праца ў філармоніі, дзе Яна выступала з сольнымі чытальніцкімі праграмамі. І — сустрэча з рэжысёрам Віргініяй Тарнаўскайтэ: з іх сумеснага спектакля “Выгнанне ў рай” пра лёс полацкай князёўны Рагнеды і распачаў сваё існаванне ў 1991 годзе Тэатр аднаго акцёра “Зьніч”.На шляху станаўлення тэатра Галіне Дзягілевай шмат чаго даводзілася рабіць самой, прычым як у творчай плоскасці (яна была і актрысай, і рэжысёрам, і аўтарам інсцэніровак, і памочнікам-дарадцам), так і ў пытаннях адміністратыўнага парадку. Тое, што сёння “Зьніч” месціцца ў Чырвоным касцёле — яе глыбокая заслуга як чалавека, здольнага пераканаць іншых у тым, што тэатр можа быць “богаўгоднай справай”. І сёння “Зьніч” — тэатр аднаго акцёра, але ж— не адной актрысы: у спектаклях тэатра заняты вядучыя майстры сталічнай сцэны.
Як прызналася ў адным са сваіх інтэрв’ю актрыса, у дзяцінстве яна ўсур’ёз марыла стаць астраномам. Магчыма, адтуль — ад гэтай дзіцячай мары — тая надпобытавасць, творчая ўзнёсласць гераінь Дзягілевай. І “зорнасць” — не як хвароба, а як мажлівасць адкрыць у душах гераінь іншыя, нематэрыяльныя каштоўнасці і прыярытэты, вечныя і незалежныя ад павеваў часу.
Гэткая ж і гераіня Дзягілевай у спектаклі “Пачакай, сонца” паводле “Марусі Чурай” — рамана ў вершах “каралевы-маці ўкраінскай паэзіі” Ліны Кастэнка, як называюць яе суайчыннікі, у перакладзе Ніны Мацяш. Лірычная і кранальная, яна ўзнімаецца над светам людзей і жыццёвых нягод. І высокае каханне, што гарыць у душы гераіні, дазваляе ёй на роўных размаўляць з сонцам, прыродай, з тымі стыхіямі, якія і вызначаюць духоўную існасць усяго жывога на Зямлі.
Сярод шчырых і добрых слоў, якія прагучалі ў адрас актрысы падчас урачыстага вечара з нагоды яе юбілею, яўна “праслухвалася” адна важная думка: толькі тады тэатральнага дзеяча можна называць Творцам, калі ён кожнай хвілінай свайго сцэнічнага жыцця (ды і пазасцэнічнага таксама!) сцвярджае не ўласную значнасць, а годнасць і каштоўнасць таго мастацтва, якому ён аддана служыць. Думаецца, што Галіна Дзягілева цалкам адпавядае гэтаму азначэнню!
Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА