“Купідон” — у Кушлянах

№ 30 (898) 25.07.2009 - 31.07.2009 г

Дзень беларускага пісьменства ў Смаргоні 6 верасня пройдзе пад знакам Францішка Багушэвіча.

 /i/content/pi/cult/219/2759/2-4.jpg

 - У горадзе з'явіцца помнік класіку беларускай літаратуры, - распавяла "К" кансультант упраўлення друкаваных СМІ і знешніх сувязей Міністэрства інфармацыі краіны Галіна Гусакова. - А ў Кушлянах, дзе жыў паэт і дзе цяпер знаходзіцца філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, пройдзе цырымонія ў з н а г а р о д ж а н н я ўдзельнікаў нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі" і рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор. Праграма Дня беларускага пісьменства будзе, як заўсёды, насычанай і разнастайнай. Хоць асноўныя мерапрыемствы запланаваны ў Смаргоні 6 верасня, напярэдадні таксама адбудуцца шматлікія падзеі. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі плануе правесці 5 верасня навукова-практычную канферэнцыю "Смаргонскія чытанні". Таксама ў гэты ж дзень запланавана правядзенне "круглага стала" з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў "Мастацкі тэкст як сродак зносін народаў". Тады ж папярэдне запланавана выступленне Заслужанага калектыву "Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі" пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга. А 6 верасня на цэнтральнай сцэне горада адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства. Запланаваны выступленні шматлікіх творчых калектываў са Смаргонскага раёна і з розных куткоў Гродзенскай вобласці. Жыхароў і гасцей горада чакае фестываль "Кнігі і прэса", а сярод традыцыйнай вялікай экспазіцыі, дзе прадставяць кнігі розных выдавецтваў, будзе працаваць і пляцоўка, прысвечаная дзіцячай літаратуры. Не застанецца ў баку ад свята і стадыён "Юнацтва", дзе ўвазе гледачоў прапануюць урачыстую спартыўную праграму. Каля новага Сабора Праабражэння Гасподняга распачне сваю працу праваслаўная кніжная выстаўка, а ў каталіцкім маладзёжным цэнтры адбудзецца канцэрт класічнай музыкі.

Наш кар.