— З сімфанічным аркестрам Каірскай оперы, — расказаў Леў Палікарпавіч, — мне давялося сустрэцца ўпершыню. Вядома, давялося шмат папрацаваць, каб музыка Чайкоўскага загучала сапраўды па-славянску. Бо ў тамтэйшых музыкантаў былі і зусім іншыя штрыхі, і, галоўнае, іншы характар выканання. Але ж да кожнай маёй заўвагі яны ставіліся вельмі ўважліва, на рэпетыцыях панавала высокая дысцыпліна: мне ніколі не даводзілася двойчы паўтараць тое, пра што мы ўжо дамаўляліся, бо пасля кожнай нашай сустрэчы яны яшчэ шмат працавалі самастойна, каб дасягнуць таго, аб чым я прасіў. Іх самаадданасць мела плён, бо кожны наступны спектакль быў лепшы за папярэдні. Прызнацца, я больш хваляваўся нават не за першы, а за другі спектакль. Бо, як паказвае шматгадовая практыка, звычайна пасля першай прэм’еры, на якой музыканты выкладаюцца “на ўсе сто”, адбываецца некаторы спад. Таму перад другім спектаклем я яшчэ раз сустрэўся з аркестрам — нават не для таго, каб “прайсці” складаныя фрагменты, а каб настроіць аркестрантаў псіхалагічна. І другі спектакль атрымаўся яшчэ больш раскаваным, а трэці — увогуле на “ўра”. Яны былі вельмі рады, што выканалі гэтую складаную партытуру Чайкоўскага, бо музыку гэтага кампазітара ў Егіпце, як і ва ўсім свеце, добра ведаюць і любяць. Я ж вельмі ўдзячны не толькі тамтэйшым музыкантам (а ў егіпецкім аркестры працуюць таксама запрошаныя салісты з Украіны, Літвы, Балгарыі, Іспаніі), але і нашым пецярым аркестрантам, якія натхнялі іх сваім прыкладам. А майстэрства нашага кларнетыста Дзяніса Парэчына настолькі ўзрушыла егіпцян, што яны нават прасілі яго прыехаць працаваць у Каірскую оперу. Падчас спектакляў мяне ўразіла цішыня ў зале (дарэчы, акустыка там выдатная) і, кантрастам, — бурныя эмоцыі пасля. На першым спектаклі прысутнічала жонка Прэзідэнта Егіпта. І праз дзень прыйшла ў тэатр з усім сваім вялізным сямействам, са шматлікімісваякамі, каб усе яны пабачылі гэткі цуд.
— А вы — ці пабачылі егіпецкія цуды? Тыя ж піраміды?
— Мне было не да Хеопса: за чатыры дні я правёў, можна сказаць, шэсць “Шчаўкункоў” — тры “поўнаметражныя” рэпетыцыі і тры спектаклі.
— А я ўбачыла, — радасна дадала салістка балета Вольга Гайко. — Праўда, не Хеопса, а іншыя — тыя, што побач з Каірам. Ніколі не думала, што буду так уражана гэткай веліччу. Але ж унутр мы не зайшлі, бо спяшаліся на вячэрні спектакль. Затое наведалі знакамітую Александрыйскую бібліятэку.