Пройдзем пад “...Вясёлкай”?!

№ 29 (897) 18.07.2009 - 24.07.2009 г

Здаўна людзі кажуць, што калі здолееш прайсці пад вясёлкай — здзейсняцца твае мары і будзеш шчаслівы…

І, між іншым, так яно і адбываецца на Дзяржынскім агульнараённым фестывалі-конкурсе выканаўцаў дзіцячай эстраднай песні "Крутагорская вясёлка". Яго ўдзельнікі- таленавітыя і, вядома ж, вельмі працавітыя і мэтанакіраваныя юныя спевакі і спявачкі ад пяці да пятнаццаці. Штогод, звычайна на працягу дзесьці двух месяцаў, сярод жадаючых праводзяцца адборачныя туры, пераможцы якіх збіраюцца на галоўнай сцэне раёна - у Дзяржынскім гарадскім доме культуры. Там і ладзіцца прыгожае свята выканаўчага мастацтва - фінальны гала-канцэрт. Днямі "Крутагорская вясёлка2009" сабрала жыхароў Дзяржыншчыны, шаноўных гасцей і, канешне ж, каля 40 фіналістаў. Пасля надзвычай яркага канцэртнага шоу, поўнага творчых ідэй, хвалюючых адкрыццяў і асаблівай "узроставай" абаяльнасці выканаўцаў, журы падвяло вынікі конкурсу. Адметным было кожнае выступленне! Кранаючыя, звонкія галасы, цікавы, разнапланавы рэпертуар: ад народных і папулярных да патрыятычных кампазіцый. А з якім імпэтам дзейнічалі "групы падтрымкі" - родныя і сябры артыстаў! Сёння ўжо ўпэўнена можна казаць, што для пачаткоўцаў у эстраднай песні ў Дзяржынску конкурс набыў аўтарытэт трывалай прыступкі ў "кар'ернай лесвіцы". Нельга не пахваліцца дыпломамі з абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных конкурсаў удзельнікаў "...Вясёлкі". А Злата Ларчанка, пераможца 2007 года, сёння - у дзесятцы фіналістаў Рэспубліканскага дзіцячага конкурсу "Песня для "Еўрабачання-2009", і ўся Дзяржыншчына вельмі хвалюецца за сваю маленькую зямлячку, жадае ёй поспеху. Варта ўлічваць і тую акалічнасць, што ў ходзе фестывалю дзеці атрымліваюць сапраўды слушныя заўвагі і парады ад журы, сваіх настаўнікаў і мастацкіх кіраўнікоў ды, што асабліва каштоўна, ад гасцей - прызнаных прафесіяналаў, якія традыцыйна запрашаюцца для актыўнага ўдзелу ў мерапрыемстве. Іншымі словамі- прагна вучацца, таксама - адзін у аднаго.

 Наталля ТРАЦЭЎСКАЯ

 Дзяржынск

На здымку: Аліна і Паліна Грудзько.