|
Першай яркай роляй Ламана стаў Тэймураз Джакелі ў спектаклі "Не трывожся, мама!" паводле Н.Думбадзэ ў рэжысуры Барыса Эрына. А потым, амаль адразу, - Юрась у "Несцерцы". Спектакль - візітоўка тэатра, з 1941 года ў рэпертуары. Першы выканаўца ролі Юрася - народны артыст Беларусі Анатоль Шэлег, і для Ламана гэткая эстафета аказалася адказнай і ганаровай. Зрэшты, акцёр вывучыў на памяць фактычна ўсе мужчынскія ролі ў спектаклі, так што аднойчы без праблем замяніў у ім выканаўцу ролі Шкаляра. Але па-акцёрску - марыў пра Несцерку. Падглядаў зза куліс і за Фёдарам Шмакавым, і за Яўгенам Шыпілам, і за Валянцінам Салаўёвым, якім пашчасціла іграць гэтую ролю. Пад час апошняга аднаўлення спектакля ў 2006 годзе рашыўся выйсці на сцэну ў ролі Несцеркі. І - выклікаў шмат спрэчак: усе звыкліся з абліччам першых выканаўцаў - невысокіх, гарэзлівых, шпаркіх камедыйных акцёраў. А тут - артыст, знешне падобны на Янку Купалу, Максіма Багдановіча. Дарэчы, Багдановіча Пятро Ламан сыграў у тэлевізійным спектаклі, а Купалу - у спектаклі "Сон на кургане", пастаўленым Віталём Баркоўскім. У апошняе дзесяцігоддзе акцёру шанцавала на цікавыя работы. У спектаклі "Фрэкен Юлія" А.Стрындберга Антон Грышкевіч даручыў яму ролю спакусніка Жана, у "Тузах" У.Відмера Віталь Баркоўскі прапанаваў сыграць разгубленага, "прыбітага" жыццём Краўзэ, у "Кракаўскім студэнце" Г.Марчука Валерый Анісенка прызначыў Ламана на ролю "чалавека без радзімы" Тураўца, у "Памінальнай малітве" Р.Горына Юрый Пахомаў убачыў акцёра Ураднікам, які спачувае, але нічым не можа дапамагчы Тэўе і ягонай сям'і, а ў спектаклі "Ён. Яна. Акно. Нябожчык" той жа рэжысёр даў артысту камедыйную ролю "пакутніка" Роні. У прэм'еры ж "Апошнія сведкі" паводле С.Алексіевіч, прысвечанай 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, па волі рэжысёра Уладзіміра Савіцкага акцёр успамінае маленства ад імя дзяцей вайны Парабковіча і Сівакова. 19 ліпеня Пятро Ламан выйдзе на Коласаўскую сцэну ў ролі Несцеркі. Выйдзе, каб сустрэцца са сваім любімым гледачом, якому служыць амаль сорак гадоў. Коласаўцы павіншуюць свайго шчырага сябра, артыста, адданага нацыянальнаму тэатру, з юбілеем.
Святлана ДАШКЕВІЧ,
загадчык літаратурна-драматычнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа
На здымках:
Пятро Ламан у вобразах Несцеркі (зверху) і Янкі Купалы, увасобленых на сцэне тэатра.