У.Гераўкер. “Шлях”. |
Некаму можа падацца дзіўным, што тэмай летняй выстаўкі пейзажнага жывапісу сталася зіма "з яе халоднаю красою". Філасофская і паэтычная традыцыя разглядаць сезоны года і іх змену як метафару этапаў чалавечага жыцця напаўняе пейзажны жывапіс больш глыбокім сэнсам, чым мудрагелістая сюжэтнасць шматфігурных палотнаў. Вытокі канцэпцыі і ключ да яе інтэрпрэтацыі трэба шукаць у класіцы. У сваёй маленькай трагедыі "Каменны госць" Пушкін выявіў пазіцыю бесклапотнага юнацтва: калі "недвижим теплый воздух - ночь лимоном і лавром пахнет", Лауры ж няма справы да таго, што "...далеко на севере - в Париже - быть может, небо тучами покрыто, холодный дождь идет и ветер дует". Але змрочны Дон Карлас думае летам пра зіму, у разгар жарсцяў - пра холад белай цішыні. 16 зімовых сюжэтаў Уладзіміра Гераўкера - 16 намаганняў узятага ў палон Снежнай каралевай хлопчыка Кая зноў і зноў скласці з ільдзінак слова "вечнасць". Акварэлі Гераўкера быццам бы звычайныя, стрыманыя (часам і проста "па-донкарласаўску" змрочныя), лаканічныя ў кампазіцыйных, танальных і колеравых рашэннях, тэхнічных прыёмах. Падкрэсленае пазбяганне "спецэфектаў" адпавядае "зімоваму" філасофскаму настрою: смешна і ганебна мітусіцца і пазіраваць перад велічным тварам памерлай ці паміраючай (аўтар часта ловіць пераходныя станы, паміж восенню і зімой) прыроды.
У.Гераўкер. “Стары храм”. |
Аўтарская пазіцыя мастака суадносіцца з блізкім класічнай школе разуменнем пейзажа, якое ідзе ў расійскім жывапісе ад Левітана ці, у некаторых момантах, - ад работ Віталя Цвіркі. Уладзімір Гераўкер, выхаванец БДТМІ, піша акварэллю практычна ўсё свядомае жыццё. Як і ў большасці акварэлістаў, ягоны раман з вадзянымі фарбамі- занятак, як кажуць, для душы. Такі статус для акварэлі традыцыйны, нават у самых "акварэльных" краінах, скажам, у Велікабрытаніі, дзе гэтая тэхніка- як правіла, арыстакратычнае хобі, якое мае на ўвазе паралельны і сур'ёзны асноўны занятак. Член Беларускай акадэміі архітэктуры, член Беларускага саюза дызайнераў, Уладзімір Гераўкер - уладальнік мноства прэстыжных узнагарод у галіне праектавання мэблі, а таксама дзесяткаў аўтарскіх патэнтаў у сферы дызайну. Аматарам вытанчаных мастацтваў і не менш вытанчаных вольных часін гэтая выстаўка адкрывае мастака з іншага, больш інтымнага, боку, у адпаведнасці з характарам і традыцыямі цудоўнага матэрыялу - акварэлі, працягваючы такім чынам адно з пастаянных тэматычных накірункаў галерэі.
Таццяна БЕМБЕЛЬ,
дырэктар Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Шчамялёва