Ад прывітання да развітання

№ 29 (897) 18.07.2009 - 24.07.2009 г

Адгучалі апошнія акорды XVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, апошнія выбухі святочных феерверкаў. Для цэласнага асэнсавання фестывалю спатрэбіцца некаторы час, але ўжо сёння можна адзначыць найбольш знакавыя падзеі цяперашняга форуму. 33 краіны, 5,5 тысяч удзельнікаў, 600 прадстаўнікоў СМІ з 11 краін свету, каля 80 мерапрыемстваў, 21 з іх — у Летнім амфітэатры. За гэтай сціслай статыстыкай — цэлае мора эмоцый, адкрыццяў, сустрэч. А над усім — гучанне віцебскіх званоў. Пры ўсіх мірскіх клопатах і дбанні аб павышэнні грашовых фестывальных прыбыткаў (а сёлета фестываль дасягнуў планкі ў 60 працэнтаў самаакупнасці) горад мэтанакіравана адраджае сваю багатую шматканфесійную духоўную ауру.

 

/i/content/pi/cult/218/2735/Clip_7-1.jpg
 /i/content/pi/cult/218/2735/Clip_7-3.jpg

Нашы сола і tutti

На гала-канцэрце майстроў мастацтваў Беларусі, які прыпадаў сёлета на перадапошні фестывальны дзень, быў аншлаг. Ды яшчэ які! Калі ў мінулыя гады, здаралася, заставалася багата вольных месцаў і на іх пускалі без білетаў, дык сёлета апошнія былі літаральна "размецены" ўжо ў першыя дні продажу. У гэтым сэнсе з канцэртам Дня Беларусі магло канкурыраваць хіба ўрачыстае адкрыццё фестывалю, якое традыцыйна выклікае павышаны ажыятаж. Такі небывалы попыт на нашых артыстаў з боку фестывальнай публікі, якая, здавалася б, магла і стаміцца за святочны тыдзень, адзначыў на прэс-канферэнцыі майстроў мастацтваў Беларусі першы намеснік міністра культуры нашай краіны Уладзімір Рылатка. Сапраўды, тыя, хто не трапіў на канцэрт ці не змог паглядзець тэлетрансляцыю, шмат чаго страцілі. Імпульс канцэрту надала прамова міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі - не толькі змястоўная, але і надзвычай паэтычная. Далейшыя тры гадзіны праляцелі, бы на адным дыханні. Адметнасцю канцэрта сталі не толькі элементы тэатралізацыі (іх, дарэчы, можна было б і пашырыць, каб дазваляў час), не толькі ўдзел знакамітасцей, сярод якіх былі і расійскія госці, але і - галоўнае - адкрыццё для шырокай публікі новых маладых артыстаў і творчых калектываў з абласцей, а таксама падкрэсліванне новых рыс нашых самых "брэндавых" зорак. Канцэрт можна было параўнаць з магутным аркестравым гучаннем, у якім, пры ўсёй яго збалансаванасці і роўнасці, праслухоўваўся кожны голас, не губляліся асобныя тэмбры. Далучыце да гэтага моцнага tutti сольнікі Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга, Прэзідэнцкага аркестра на чале з Віктарам Бабарыкіным, Дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага калектыву "Харошкі", шырокі ўдзел нашых артыстаў у многіх фестывальных праграмах, паспяховыя конкурсныя выступленні. Усё гэта разам і склала беларускі нацыянальны арнамент, яркімі фарбамі ўпісаны ў агульнае фестывальнае палатно.

Праз песні - да міру

Пятым уладальнікам спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" стаў народны артыст Расіі Валерый Лявонцьеў. Уручэнне гэтага прыза, паводле традыцыі, адбылося на ўрачыстым адкрыцці фестывалю. - Паважаны Аляксандр Рыгоравіч, дарагія сябры! - усхвалявана сказаў В.Лявонцьеў, атрымаўшы ўзнагароду з рук Кіраўніка нашай дзяржавы. - Вялікі дзякуй вам за вашу ўвагу да маёй больш чым сціплай персоны. Аднойчы ўзнікнуўшы, "Славянскі базар у Віцебску" ператварыўся ў традыцыю, а традыцыя стала святам. Нас з вамі яднае яркае і дэмакратычнае мастацтва - песні. Дык няхай песні гучаць і дапамагаюць нам жыць! Вялікі вам дзякуй, сябры! Апошнія словы сваёй сціслай прамовы знакаміты спявак вымавіў па-беларуску, і гэта кранула асабліва. Зрэшты, сёння літаральна кожная зорка, прыязджаючы да нас, імкнецца далучыцца да нашай нацыянальнай культуры: праз беларускія прысмакі, выкананне нашых твораў, беларускую мову. Такому збліжэнню народаў і служыць наш фестываль, дэвіз якога: "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". А галоўнай узнагародай фестывалю становяцца нават не конкурсныя прызы, а выбітная статуэтка, дарагая для кожнага з яе ўладальнікаў яшчэ і тым, што яна атрымана з рук Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

 /i/content/pi/cult/218/2735/Clip_7-4.jpg
 /i/content/pi/cult/218/2735/Clip_7-6.jpg

Зоркі-кветачкіагеньчыкі

 Алея лаўрэатаў спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення", што была адкрыта 10 ліпеня, адразу стала ўлюбёным куточкам фестывальнага Віцебска. Сюды наведваюцца не толькі тыя, хто прыходзіць на канцэрты ў Летні амфітэатр, - завітваюць і "проста так": паасобку, сем'ямі, кампаніямі. А ўжо які натоўп сабраўся тут у час яе адкрыцця, і апісаць немагчыма! Ва ўрачыстай цырымоніі ўдзельнічалі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец і народны артыст Расіі Валерый Лявонцьеў. Знакаміты спявак пажартаваў: маўляў, прыемна, калі цябе "закатваюць" у асфальт. На справе ж, Валерый Лявонцьеў даўно ўжо "замураваны" ў сэрцах і прызнанні народа - як і тыя творцы, якія былі адзначаны гэтай высокай узнагародай Кіраўніка нашай краіны раней. Яшчэ больш прывабна і ў чымсьці нават таямніча выглядае Алея ўвечары, калі запальваюцца зоркі-кветачкі-агеньчыкі. Імі, бы вясновым квеценем, аблеплены штучныя дрэвы. Ды ўсё ж асаблівае адчуванне цяпла і радасці зыходзіць не ад іх, а ад саміх зорных імёнаў, упісаных залатымі літарамі нават не ў граніт, а ў нашыя сэрцы.

Матэрыялы падрыхтавала Надзея БУНЦЭВІЧ,

 наш спецыяльны карэспандэнт у Віцебску

Фота аўтара і з сайта фестывалю