На прэстыжных месцах

№ 29 (897) 18.07.2009 - 24.07.2009 г

У праекце “Зводнага плана ўстаноўкі манументальных збудаванняў у Рэспубліцы Беларусь у 2009 — 2012 гг.”, апублікаваным у № 23 газеты “Культура” ёсць шэраг цікавых прапаноў, асабліва па Брэсцкай, Віцебскай і Гродзенскай абласцях. Але за аснову развіцця манументальнага мастацтва, на мой погляд, усё ж трэба ўзяць “Прапановы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі...”, якія вызначаюцца абгрунтаванасцю, узважанасцю і сістэмнасцю.

Лічу неабходным выказаць у сувязі з гэтым некалькі пажаданняў. Становішча Мінска як сталіцы абавязвае, каб на яго вуліцах і плошчах, у парках і скверах стаялі помнікі найбольш выдатным нацыянальным дзеячам у галінах культуры, навукі, палітыкі. І таму варта вітаць прапановы ўшанаваць тут памяць Усяслава Чарадзея, Станіслава Манюшкі, Кастуся Каліноўскага, Браніслава Эпімах-Шыпілы, Мітрафана ДоўнараЗапольскага, Івана і Антона Луцкевічаў, Усевалада Ігнатоўскага, Зміцера Жылуновіча, Браніслава Тарашкевіча ды іншых асоб. Зразумела, што ў перспектыве ў Мінску мусяць паўстаць таксама помнікі каралю Міндоўгу, вялікім князям Вітаўту і Жыгімонту Старому, найвышэйшым гетманам Канстанціну Астрожскаму і Яну Каралю Хадкевічу, канцлерам Астафею Валовічу і Льву Сапегу, дзяржаўным дзеячам Тадэвушу Рэйтану і Вацлаву Ластоўскаму. Маштаб дзейнасці і веліч гэтых асоб, значэнне іх у айчыннай гісторыі заслугоўваюць таго, каб для помнікаў ім аддалі адны з самых прэстыжных месцаў у сталіцы нашай краіны. Разам з тым, мы не павінны забывацца пра нашых славутых суайчыннікаў, якія нарадзіліся па-за абшарам, акрэсленым сучаснымі межамі Рэспублікі Беларусь, або чыё месца нараджэння дакладна не вядома. Сярод іх варта найперш назваць заснавальніка кнігадрукавання ў Расіі і Украіне Івана Федаровіча (Фёдарава), вынаходніка шматступеневай ракеты Казіміра Семяновіча, матэматыка, першую ў свеце жанчыну-прафесара Соф'ю Кавалеўскую (Карвін-Крукоўскую), вучоных-эвалюцыяністаў братоў Уладзіміра і Аляксандра Кавалеўскіх, даследчыка Цэнтральнай Азіі Мікалая Пржавальскага (Перавальскага), заснавальніка геліябіялогіі Аляксандра Чыжэўскага, мастака Казіміра Малевіча. Імёны іх вядомы далёка ў свеце, і годнае ўшанаванне іх памяці ўзніме статус нашай сталіцы як еўрапейскага культурнага цэнтра. Істотныя дэмаграфічныя зрухі апошняга часу, знікненне шэрагу населеных пунктаў ствараюць пэўныя праблемы ў мемарыялізацыі памятных мясцін. Але, дбаючы пра развіццё правінцыйных асяродкаў, неабходна, па магчымасці, набліжаць устаноўку манументальных збудаванняў да месцаў, непасрэдна звязаных з жыццём і дзейнасцю славутых людзей. Думаецца, нерацыянальна ставіць помнік Аляксандру Ельскаму ў Мар'інай Горцы, тым часам як яго родная вёска Дудзічы ўваходзіць у кола турыстычных маршрутаў, а побач з ёю сфарміраваўся музейны комплекс "Дудуткі". Будзем спадзявацца, што "Зводны план устаноўкі мемарыяльных збудаванняў" ажыццявіцца, нягледзячы на эканамічныя цяжкасці сённяшняга часу. І праз чатыры гады мы ў такім выпадку будзем мець прынцыпова іншую сітуацыю з помнікамі і з мемарыяльнымі знакамі. Галоўнае, каб у гэтай справе не было паспешлівасці, каб праекты абмяркоўваліся з удзелам грамадскасці, каб помнікі і мемарыяльныя знакі рабіліся высокамастацкімі, выконваліся вядомымі скульптарамі з якасных і даўгавечных матэрыялаў.

Зміцер САНЬКО,

галоўны рэдактар кніжнай серыі "Нашы славутыя землякі"