У “...Люстры” — права

№ 29 (897) 18.07.2009 - 24.07.2009 г

Грамадства практычна кожнай краіны ў сваёй дзейнасці арыентуецца найперш на дзяржаўную Канстытуцыю. У часы Сярэднявечча аналагічную ролю адыгрывалі іншыя дакументы, у прыватнасці, магдэбургскае права. Так, Мінску гэты прывілей быў нададзены 510 гадоў таму.

 /i/content/pi/cult/218/2728/Clip_3-3.jpg

Убачыць, што ўяўлялі з сябе прававыя старажытныя дакументы, дапаможа выстаўка "Саксонскае люстра" і магдэбургскае права - асновы Еўропы", якая адкрылася ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь. Выстаўка, падрыхтаваная Зямельным цэнтрам палітычнай адукацыі Федэральнай зямлі Саксонія - Ангальт, расказвае, галоўным чынам, пра гісторыка-прававы партрэт Цэнтральнай Германіі і адлюстроўвае пытанні ўзнікнення самага значнага ў Германіі зборніка права - "Саксонскага люстра". Акрамя таго, яна распавядае пра галоўныя прынцыпы магдэбургскага гарадскога права, якое, пачынаючы ўжо з XII ст., надавала гарадам і іх жыхарам шырокія свабоды, маёмасныя правы і гандлёвыя прывілеі. Экспанаты выстаўкі акцэнтуюць ўвагу на ўплыў "Саксонскага люстра" на еўрапейскае правазнаўства. Наведвальнікі змогуць пазнаёміцца таксама з друкаванымі выданнямі XVI і манетамі ХІІ - ХІІІ стст. У цеснай звязцы з магдэбургскім правам "Саксонскае люстра" трапіла ў розныя вобласці Усходняй і Цэнтральнай Еўропы: Сілезію, Польшчу, Украіну, Беларусь, Багемію, Маравію, Славакію, Венгрыю. Такім чынам, яно стала асновай для развіцця юрыдычнай сістэмы на шырокіх прасторах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Дарэчы, першым горадам, які атрымаў магдэбургскае права ў Вялікім княстве Літоўскім, была Вільня - у 1387 годзе. Потым яно прыйшло ў 1390 годзе ў Брэст, а затым Гродна, Слуцк, Полацк. У XVIII ст. магдэбургскім правам валодалі амаль усе буйныя і сярэднія гарады на тэрыторыі сённяшняй Беларусі.

Наш кар.

На ілюстрацыях: старонка з "Саксонскага люстра".