Музей пераедзе ў Зембін

№ 29 (897) 18.07.2009 - 24.07.2009 г

У № 19 “К” за 2009 г. пад рубрыкай “Родная зямля: час крэатыву” быў змешчаны артыкул “Як захаваць музей народнай славы ў Іканах?”. Гаворка ў ім вялася пра дзейнасць знакавай для Барысаўскага раёна ўстановы культуры — Іканскага музея народнай славы, узнімаліся пытанні аб размяшчэнні музея ў іншым будынку. Публікацыя была накіравана на рэагаванне. Вось што адказаў начальнік упраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Акушэвіч:

 

"Па інфармацыі, выкладзенай у артыкуле, паведамляем наступнае. Іканскі музей народнай славы быў заснаваны ў 1964 годзе на базе сярэдняй школы як грамадскі. З 1977 года займеў статус дзяржаўнага музея народнай славы, з 1988 года ўвайшоў у склад Барысаўскага аб'яднанага музея як структурнае падраздзяленне. Пасля пажару ў 2006 годзе экспазіцыя музея часова была размешчана ў Іканскай базавай школе. Супрацоўнікі ДУ "Барысаўскі аб'яднаны музей" сабралі для ўзнаўлення экспазіцыі дакументы, фотаздымкі, аднавілі 89 адзінак ваеннага рыштунку. Прапановы аб размяшчэнні музея ў памяшканнях базавай школы і дзіцячага садка разглядаліся ўпраўленнем культуры аблвыканкама сумесна з Барысаўскім райвыканкамам яшчэ ў 2006 годзе. Аднак гэтыя будынкі не адпавядаюць патрабаванням для размяшчэння музея і захавання музейных прадметаў: памяшканне школы - 1955 - 1957 гг. пабудовы, драўлянае, патрабуе рэканструкцыі; памяшканне ж дзіцячага садка пабудавана ў 1964 - 1965 гг., драўлянае, абкладзенае цэглай, з 1998 года не эксплуатуецца, неабходна правядзенне экспертызы тэхнічнага стану, рэканструкцыі, што патрабуе значных капітальных укладанняў. У сувязі са скарачэннем колькасці дзяцей школьнага ўзросту ў вёсцы Іканы была закрыта школа. У 2007 годзе ў музеі праведзена толькі 129 экскурсій, у 2008 г. - 138. Бюджэтныя затраты на ўтрыманне музея за 2008 г. склалі 28,5 млн. руб. Улічваючы, што ў навуковаасветніцкай рабоце значнае месца займаюць арганізацыя і правядзенне мерапрыемстваў патрыятычнага напрамку, а асноўнымі наведвальнікамі музея з'яўляюцца школьнікі, вырашана перавесці музей народнай славы ў аграгарадок "Зембін" і, пасля завяршэння капітальнага рамонту, размясціць яго ў памяшканні Зембінскага сельскага дома культуры".