Савет для каардынацыі

№ 29 (897) 18.07.2009 - 24.07.2009 г

Пра падтрымку беларускіх дыяспар за мяжой ішла гаворка пад час прэс-канферэнцыі Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Леаніда Гулякі, што адбылася напярэдадні V З’езда беларусаў свету.

 У прыватнасці, было зазначана, што наспела неабходнасць стварэння Каардынацыйнага савета кіраўнікоў беларускіх аб'яднанняў за мяжой пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей. Па словах Леаніда Гулякі, на сённяшні дзень ужо распрацаваны праект загаду аб яго стварэнні, асноўныя палажэнні, вызначаны склад Савета, куды ўвайшло адзінаццаць чалавек. Акрамя гэтага, Леанід Паўлавіч плануе прапанаваць далучыцца да дзейнасці савета і дэлегатаў чарговага З'езда беларусаў свету, у рабоце якога ён таксама будзе прымаць удзел. Але і зараз дыяспарам аказваецца пасільная дапамога. Як адзначыў Леанід Гуляка, беларуская дзяржава рэгулярна спрыяе плённым ініцыятывам суайчыннікаў за мяжой. У прыватнасці, дыяспары атрымліваюць літаратуру на роднай мове, сімволіку, нацыянальныя строі і музычныя інструменты. Таксама ў Беларусі штогод арганізуюцца курсы для кіраўнікоў калектываў народнай творчасці беларускіх дыяспар. На прэс-канферэнцыі закраналася і пытанне аб падпісанні дамоўленасцей аб узаемадапамозе дыяспарам апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей з дзяржаўнымі органамі ўлады, дзе жывуць этнічныя беларусы. Як падкрэсліў Леанід Гуляка, ужо падпісаны міжведамасныя дамоўленасці з Расіяй, Украінай, Малдовай і Літвой, а ў працэсе распрацоўкі - ратыфікацыя аналагічных дакументаў з Эстоніяй, Латвіяй, Казахстанам, Арменіяй і Узбекістанам.