Для павышэння эфектыўнасці і якасці

№ 29 (897) 18.07.2009 - 24.07.2009 г

Кіраўнік дзяржавы ўнёс змяненні ў склад савета фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. Адпаведны Указ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 16 ліпеня.

Старшынёй савета прызначаны намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, заслужаны артыст Беларусі Генадзь Давыдзька, яго намеснікам - першы намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатка. У сувязі з кадравымі назначэннямі і ў мэтах перыядычнай ратацыі членаў савета фонду ў яго склад унесены пэўныя змяненні. У прыватнасці, у склад савета фонду ўключаны Віктар Бабарыкін, Аксана Волкава, Леанід Гуляка, Алена Падаляк, Уладзімір Пракапцоў, Анатоль Ярмоленка. Прыняцце дакумента будзе садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці і якасці дзейнасці прэзідэнцкага фонду па падтрымцы культуры і мастацтва.

Рашэннем Кіраўніка дзяржавы заснаваны 5 прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" і 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва ў памеры 350 базавых велічынь кожная. Адпаведны Указ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 16 ліпеня. Згодна з Указам прэмія "За духоўнае адраджэнне" прысуджаецца штогод за выдатныя творы літаратуры і мастацтва і (або) актыўную дзейнасць у гуманітарнай галіне, што садзейнічае зберажэнню і прымнажэнню нацыянальнага культурнага здабытку, выхаванню ў моладзі любові да Айчыны, умацаванню духоўных каштоўнасцей і мастацка-маральных традыцый, ідэй чалавекалюбства, дабрачыннасці і міласэрнасці. Яе лаўрэатамі могуць стаць дзеячы культуры, літаратуры, мастацтва, архітэктуры, аховы здароўя, адукацыі, навукі, сацыяльнай абароны, сродкаў масавай інфармацыі, прыёмныя бацькі, апекуны, свяшчэннаслужыцелі, іншыя асобы, а таксама аўтарскія, творчыя і іншыя калектывы работнікаў.

Спецыяльная прэмія Кіраўніка дзяржавы дзеячам культуры і мастацтва прысуджаецца штогод за выдатныя дасягненні ў галіне выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, музычнага, тэатральнага, харэаграфічнага, эстраднага, цыркавога мастацтваў, архітэктуры, дызайну, кінавідэамастацтва, літаратуры, журналістыкі, тэлебачання і радыёвяшчання, крытыкі і мастацтвазнаўства, а таксама народнай і аматарскай мастацкай творчасці, музейнай і бібліятэчнай справы, навучання і выхавання творчай моладзі, якія атрымалі грамадскае прызнанне. Яе лаўрэатамі могуць стаць дзеячы культуры, літаратуры, мастацтва, архітэктуры, аўтарскія, творчыя і іншыя калектывы работнікаў. Указам вызначаны парадак вылучэння і разгляду кандыдатур прэтэндэнтаў на прэміі. Права вылучаць суіскальнікаў прэміі (спецыяльнай прэміі) прадастаўлена ўсім арганізацыям, дасягненні супрацоўнікаў якіх адпавядаюць устаноўленым патрабаванням, у абстаноўцы адкрытасці і галоснасці. Матэрыялы вылучэння да 1 кастрычніка года, за які прысуджаюцца прэміі, у адпаведнасці з падпарадкаванасцю накіроўваюцца ў рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, аблвыканкамы, Мінскі гарвыканкам, іншыя дзяржаўныя органы і арганізацыі. Унесеныя матэрыялы разглядаюцца на пасяджэннях калегій рэспубліканскіх органаў кіравання, выканкамаў, калегіяльных органаў іншых арганізацый.

Па іх выніках прымаецца рашэнне аб вылучэнні суіскальнікаў прэмій, якое да 15 кастрычніка года, за які прысуджаюцца прэміі, накіроўваецца ў савет фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. Абмеркаванне атрыманых матэрыялаў будзе праводзіцца на пасяджэнні савета фонду. Па яго выніках савет фонду да 25 кастрычніка года, за які прысуджаюцца прэміі, прымае рашэнне аб рэкамендацыі суіскальнікаў. На яго падставе Урад рыхтуе праекты ўказаў Прэзідэнта і ўносіць іх Кіраўніку дзяржавы да 5 снежня года, за які прысуджаюцца прэміі. Прэмія (спецыяльная прэмія) прысуджаецца ўказам Прэзідэнта і ўручаецца Кіраўніком дзяржавы або ўпаўнаважанай ім службовай асобай 7 студзеня, у дзень праваслаўнага Ражджаства Хрыстовага. Нарматыўным прававым актам таксама ўстаноўлена, што лаўрэатам прэміі (спецыяльнай прэміі) уручаюцца дыпломы, якія пацвярджаюць факт іх прысуджэння, і зацверджаны апісанні гэтых дыпломаў. Прыняцце ўказа дасць магчымасць на самым высокім дзяржаўным узроўні адзначаць заслугі выдатных людзей, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры і мастацтва, гуманітарнай, асветнай і дабрачыннай дзейнасці.

 Паводле паведамленняў Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь