З нетраў Замкавай гары

№ 28 (896) 11.07.2009 - 17.07.2009 г

У гісторыі амаль кожнага старажытнага горада ёсць мясціна, з якой звязана цікавае паданне. Часцей за ўсё, старажытнае гарадзішча — умацаванае паселішча, з якога калісьці пачынаўся горад. Ёсць такое месца і ў Віцебску, гісторыя якога налічвае больш за тысячу гадоў.

 /i/content/pi/cult/216/2717/14-3.gif
 /i/content/pi/cult/216/2717/14-4.gif

 Месца гэтае яшчэ на пачатку ХХ ст. называлася "Замкавая гара", бо знаходзілася на тэрыторыі колішняга Верхняга замка Віцебска. У ранні жалезны век тут змяшчалася гарадзішча старажытных балтаў. У канцы VIII - пачатку ІХ стст. на тэрыторыі будучага Віцебска ўзнікаюць паселішчы крывічоў. Тады прызначэнне старажытнага гарадзішча набывае іншы сэнс. Але які? На гэтае пытанне нам дапаможа адказаць маляўнічае паданне пра Замкавую гару Віцебска: "У нетрах Замкавай гары жыла, схаваная ад вачэй людскіх, царэўна-чараўніца. Была яна непараўнальнай прыгажосці, заўсёды апранутая ва ўсё белае. Шыкоўны палац царэўны асвятляўся безліччу агнёў. Пільнавалі яго велізарныя львы. Паабапал царэўны ляжалі гурбы золата і брыльянтаў. Напярэдадні свята Івана Купала чараўніца выходзіла з нетраў Замкавай гары, каб паказаць людзям сваё багацце. Але як толькі хтосьці дакранаўся да яго, каштоўнасці імгненна ператвараліся ў пыл, а сама чараўніца знікала". Паданні аб схаваных у нетрах старажытных гарадзішчаў скарбах зафіксаваны ў шматлікіх месцах на Беларусі. Адно з такіх паданняў і замацавалася за Замкавай гарой у Віцебску. У Х - ХІ стст. Замкавая гара з'яўлялася дзядзінцам - найбольш умацаванай часткай Віцебска, які ў 1021 годзе згадваецца ў летапісах менавіта як горад. Наўкола яе размяшчаўся пасад, дзе жылі рамеснікі і гандляры. На пачатку ХІІ ст. Віцебск вылучаецца ва ўдзельнае княства. Пашыраецца яго дзядзінец, а на Замкавай гары ўзнікае княжацкае дварышча. Тут жа будуецца першы храм - царква Святога Міхаіла. У ХІV пляцоўка Замкавай гары, дзядзінец і пасад Віцебска абносяцца каменнай сцяной з вежамі. На месцы дзядзінца ўтвараецца Верхні замак, а на месцы пасада - Ніжні. Прыкладна ў гэты ж час на Замкавай гары ўзводзіцца мураваны палац князя Альгерда, які потым стаў вялікім князем літоўскім. У 1654 годзе Замкавая гара была апошнім прытулкам віцябчан, што бараніліся ад войскаў маскоўскага ваяводы Васіля Шарамецьева. У ХVІІІ ст. умацаванні на Верхнім замку Віцебска і на Замкавай гары былі цалкам зруйнаваны па загадзе Пятра І, які ваяваў тады са шведамі, а Віцебск на той час іх ускосна падтрымліваў. У 1895 - 1896 гг. археалагічныя раскопкі на Замкавай гары праводзіў аматар старажытнасцей прафесар А.П. Сапуноў. Былі ўскрыты рэшткі палаца Альгерда, храма Святога Міхаіла і ўмацаванняў, сабраны рэчы ХІІІ - ХVІІІ стст. Падавалася, што далейшыя раскопкі высветляць шмат таямніц з нетраў гісторыі. Але лёс Замкавай гары аказаўся трагічны: яе зрылі па просьбе міністра асветы і са згоды міністра ўнутраных спраў на пачатку ХХ ст., пад час добраўпарадкавання пляцоўкі перад будынкам гімназіі, што размяшчалася побач. У 1928 г., відаць, у апошні раз, беларускія археолагі А.Ляўданскі і С.Дубінскі даследавалі рэшткі гэтай гары і сабралі тут фрагменты посуду ранняга жалезнага веку і часоў першых крывіцкіх паселішчаў. У пачатку 1970-х на гэтым месцы ўзвысіўся гмах абкама КПБ. Сёння Замкавая гара захавалася толькі на акварэлях польскага мастака Юзэфа Пешкі (сярэдзіна ХІХ ст.) ды на здымках фатографаў Сяргея Пракудзіна-Горскага і Сігізмунда Юркоўскага (апошні, дарэчы, на пачатку ХХ ст. жыў у Віцебску ля Замкавай гары).

Матэрыялы падрыхтаваў Леанід КАЛЯДЗІНСКІ, археолаг, кандыдат гістарычных навук

На фота:

Вуліца Замкавая на здымку Сігізмунда Юркоўскага.

 Пачатак ХХ ст. Замкавая гара на акварэлі Юзэфа Пешкі. Пачатак ХІХ ст.