Шэсць стагоддзяў, цымбалы ды гармонік

№ 28 (896) 11.07.2009 - 17.07.2009 г

З 3 па 5 ліпеня ў Паставах прайшоў XII Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. Мерапрыемства гэтае традыцыйна з’яднала носьбітаў аўтэнтычнага музычнага мастацтва не толькі з раёнаў Беларусі, але і з іншых краін свету. Сярод 600 удзельнікаў фестывалю — шэраг калектываў Віцебшчыны, многія з якіх аздобяць сваёй творчасцю кожны з фестывальных дзён-пялёсткаў ХVІІІ-га “Славянскага базару” і на сцэне Летняга амфітэатра, і па ўсім горадзе.

/i/content/pi/cult/216/2712/12-4.gif
 /i/content/pi/cult/216/2712/12-5.gif

Дарэчы, сёлета фестывальныя дні супалі з 65-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Днём Незалежнасці нашай дзяржавы. Да таго ж, 4 ліпеня Паставы адзначалі і свята горада: споўнілася 600 гадоў з часу згадкі мястэчка ў гістарычных дакументах. Узначаліць журы Міжнароднага фестывалю "Звіняць цымбалы і гармонік" быў запрошаны народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесар, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І.Жыновіча Міхаіл КАЗІНЕЦ. "К" папрасіла маэстра падзяліцца сваімі ўражаннямі ад фестывалю. - Фестываль сёлета прайшоў на вельмі высокім арганізацыйным і прафесійным узроўні, - адзначыў Міхаіл Антонавіч. - Асабіста мяне вельмі ўразіў высокі прафесійны ўзровень выканаўцаў. І адкрыццё фестывалю вечарам 3 ліпеня, у якім прыняў удзел Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча, і ўражанні ад Пастаўскага раёна, дзе пабывалі ўсе госці на наступны дзень, і вечаровыя канцэрты на галоўнай плошчы горада, што працягваліся да трэцяй гадзіны ночы, а таксама заключны гала-канцэрт - усё гэта пакінула толькі найлепшыя ўражанні. Адзначу яшчэ раз высокі прафесійны ўзровень выканаўцаў і калектываў, у склад якіх уваходзяць выкладчыкі музычных школ. Яны звычайна маюць дыпломы Універсітэта культуры або Акадэміі мастацтваў, і іх прафесійная падрыхтоўка адразу адчуваецца. Мне вельмі спадабаліся выступленні мазыран з народнага ансамбля народнай музыкі і песні "Стрэчанне", якія і атрымалі Гран-пры конкурсу, а таксама трыо гарманістаў "Дабрадзеі" з Віцебска. Таксама прыйшлося даспадобы тое, што калектывы, якія прыязджаюць на наш, ужо традыцыйны, фестываль, не паўтараюцца. А ўражанні ад гэтых новых калектываў - вельмі станоўчыя. І, канешне ж, не магу не пахваліць выдатную арганізацыю фестывалю. У гэтым - неаспрэчная заслуга райвыканкама. Канцэрты праводзіліся на высокім тэхнічным узроўні, што прывабіла яшчэ больш ахвотных паслухаць музыкантаў: тысячы пастаўцаў прыходзілі на плошчу Леніна. Так што скажу з упэўненасцю: фестываль у гэтым годзе прайшоў з адзнакай "выдатна", і галоўнае цяпер - трымаць гэтую "планку" настолькі высока ды годна і надалей.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

 На фота:

У час шэсця ўдзельнікаў фестывалю.

На сцэне - Міхаіл Казінец.