Масква — Віцебск — Брэст

№ 28 (896) 11.07.2009 - 17.07.2009 г

Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі крыху старэйшы за “Славянскі базар у Віцебску”, таму, можна сказаць, стаяў ля вытокаў фестывалю. Без гэтага аркестра нельга ўявіць, найперш, конкурс маладых выканаўцаў. І не толькі! Год за годам калектыў здзіўляе то фестывальнай джазавай праграмай, то выступленнем з сусветнымі зоркамі. Вось і сёлета: ён выступіць і з канкурсантамі, і з членамі журы, і ўсё гэта — літаральна праз дзве гадзіны пасля ўласнага сольніка “Ад Масквы да Брэста”. Дзе толькі сілы ў музыкантаў бяруцца? Мабыць, прыклад нястомнага маэстра — народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга — запальвае!

/i/content/pi/cult/216/2711/12-1.gif

 Такі насычаны графік працы для калектыву не дзіва: за год ён праводзіць па некалькі святаў беларускай камернай музыкі ў малых гарадах Беларусі, не гаворачы ўжо пра Міжнародны фестываль "Мінскі джаз" і безліч песенных праграм. Дый удзел у "Славянскім базары ў Віцебску" пачынаецца для яго не з прыезду ў фестывальны горад, а нашмат раней - з таго часу, як будучыя канкурсанты дасылаюць песні, якія яны будуць выконваць з аркестрам. Непасрэдна ў аркестры робяцца іх аранжыроўкі, музыканты рэпеціруюць спачатку самі, потым - з канкурсантамі, што за некалькі дзён да віцебскага фестывалю запрашаюцца дзеля гэтага ў Мінск. З сусветнымі ж зоркамі "рэпетыцыя" можа ахопліваць хіба ўдакладненне тэмпу - усё астатняе аркестранты экстра-класа, як кажуць, "падхопяць". А публіка, несумненна, будзе "падхопліваць" сёлета песні ваенных гадоў - пад час праграмы "Ад Масквы да Брэста". - Падкрэслю, што гэта дабрачынны канцэрт, - гаворыць Міхаіл Якаўлевіч. - На яго змогуць трапіць і людзі сталага ўзросту, і моладзь - усе тыя, хто цікавіцца творчасцю нашагакалектыву і яго салістаў, хто любіць добрую музыку і, галоўнае, тыя, для каго не абыякавая Перамога над фашызмам, што нёс небяспеку ўсёй планеце. Нам вельмі важна, што гэтая праграма, якая ўжо прайшла апрабацыю на лепшых сцэнічных пляцоўках Беларусі, пачынаючы з канцэртнай залы сталічнай філармоніі, прагучыць і на "Славянскім базары ў Віцебску". Дзякуючы гэтаму, яе змогуць пачуць прадстаўнікі многіх краін свету, вызваленых ад фашызму савецкімі салдатамі. Спадзяюся, праграма зацікавіць і знаўцаў музыкі ХХ стагоддзя, прычым не толькі выканальніцкімі версіямі вядомых франтавых песень, а таксама нашымі новымі аранжыроўкамі. Справа ў тым, што на гэтым канцэрце прагучаць і песні, пра якія могуць памятаць сёння хіба што адзінкі, - да прыкладу, песні 1940-х гадоў, што выконваліся ў знакамітым аркестры Эдзі Рознера. Але гэта тая музыка, што павінна гучаць не толькі "ад Масквы да Брэста", але і па ўсёй Еўропе.

Аляксей СВЕЦІЧ

Фота Юрыя ІВАНОВА