|
Такі насычаны графік працы для калектыву не дзіва: за год ён праводзіць па некалькі святаў беларускай камернай музыкі ў малых гарадах Беларусі, не гаворачы ўжо пра Міжнародны фестываль "Мінскі джаз" і безліч песенных праграм. Дый удзел у "Славянскім базары ў Віцебску" пачынаецца для яго не з прыезду ў фестывальны горад, а нашмат раней - з таго часу, як будучыя канкурсанты дасылаюць песні, якія яны будуць выконваць з аркестрам. Непасрэдна ў аркестры робяцца іх аранжыроўкі, музыканты рэпеціруюць спачатку самі, потым - з канкурсантамі, што за некалькі дзён да віцебскага фестывалю запрашаюцца дзеля гэтага ў Мінск. З сусветнымі ж зоркамі "рэпетыцыя" можа ахопліваць хіба ўдакладненне тэмпу - усё астатняе аркестранты экстра-класа, як кажуць, "падхопяць". А публіка, несумненна, будзе "падхопліваць" сёлета песні ваенных гадоў - пад час праграмы "Ад Масквы да Брэста". - Падкрэслю, што гэта дабрачынны канцэрт, - гаворыць Міхаіл Якаўлевіч. - На яго змогуць трапіць і людзі сталага ўзросту, і моладзь - усе тыя, хто цікавіцца творчасцю нашагакалектыву і яго салістаў, хто любіць добрую музыку і, галоўнае, тыя, для каго не абыякавая Перамога над фашызмам, што нёс небяспеку ўсёй планеце. Нам вельмі важна, што гэтая праграма, якая ўжо прайшла апрабацыю на лепшых сцэнічных пляцоўках Беларусі, пачынаючы з канцэртнай залы сталічнай філармоніі, прагучыць і на "Славянскім базары ў Віцебску". Дзякуючы гэтаму, яе змогуць пачуць прадстаўнікі многіх краін свету, вызваленых ад фашызму савецкімі салдатамі. Спадзяюся, праграма зацікавіць і знаўцаў музыкі ХХ стагоддзя, прычым не толькі выканальніцкімі версіямі вядомых франтавых песень, а таксама нашымі новымі аранжыроўкамі. Справа ў тым, што на гэтым канцэрце прагучаць і песні, пра якія могуць памятаць сёння хіба што адзінкі, - да прыкладу, песні 1940-х гадоў, што выконваліся ў знакамітым аркестры Эдзі Рознера. Але гэта тая музыка, што павінна гучаць не толькі "ад Масквы да Брэста", але і па ўсёй Еўропе.
Аляксей СВЕЦІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА