Як знайсці “галасы” кампазітараў?

№ 28 (896) 11.07.2009 - 17.07.2009 г

Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь прыязджаена “Славянскі базар у Віцебску” не толькі для суправаджэння афіцыйных мерапрыемстваў з удзелам Кіраўніка нашай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Гэты малады калектыў год за годам дае на фестывалі сольныя канцэрты, якія ўмацоўваюць прэстыж краіны. Сёлета аркестр, акрамя выступлення ў канцэрце адкрыцця разам з пераможцам “Еўрабачання” Аляксандрам Рыбаком і нямецкай зоркай Сарай Конар, прадставіць праграму “Новыя галасы Беларусі”. Яна складзена з лепшых нумароў удзельнікаў аднайменнага тэлепраекта, якія на працягу некалькіх месяцаў змагаліся за права супрацоўнічаць з гэтым аркестрам.

/i/content/pi/cult/216/2710/12-2.gif

 - Праект, - падзяліўся сваімі думкамі мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра, старшыня журы конкурсу "Новыя галасы Беларусі" Віктар БАБАРЫКІН, - атрымаўся ўдалым. Шмат у чым дзякуючы тэлебачанню, якое паказвала не толькі канцэртны вынік, але і непасрэдна саму працу, што вялася з кожным удзельнікам. Таму тэлегледачы ўсёй краіны маглі сачыць за праектам не толькі па тых канцэртах, што адбыліся ў Палацы Рэспублікі і ля сцен Мірскага замка, але і па рэгулярных дзённіках, якія "раскідваліся" па тэлеэфіры. Гэта дало ім магчымасць заўважыць, як узровень многіх канкурсантаў літаральна на вачах змяняўся ў лепшы бок. Песні кожнаму з іх падабралі, сцэнічныя строі, выкладчыкаў - далі, праводзілі рэпетыцыі - вось і вынік. Наўрад ці ўсім гэтым былі забяспечаны тыя ж сярэднявечныя трубадуры, трувэры, мінезінгеры, майстарзінгеры: на традыцыйных спеўных турнірах кожны з іх павінен быў выконваць толькі ўласныя песні. На жаль, не ўсе з новаспечаных артыстаў адэкватна ўспрынялі ўсё, што было для іх зроблена, у некаторых пачалі выяўляцца прыкметы "зорнай хваробы". Гэта чарговы раз пацвердзіла народную мудрасць: выпрабаванне "меднымі трубамі" аказваецца папраўдзе куды больш складаным, чым жыццёвымі перашкодамі - "агнём ды вадой". Але лепшыя з "новых галасоў" добра разумеюць, што іх удзел у гэтым праекце - хіба першы крок да прафесіі. Наперадзе ж не адно лаўры, галоўнае - штодзённыя заняткі і пастаяннае самаўдасканальванне, без чаго не можа адбыцца ніводны сапраўдны творца. Тыя ж Анатоль Сіўко іЕгіязар Фарашан ужо цяпер атрымалі запрашэнне ўдзельнічаць у "Музычных вечарах з Прэзідэнцкім аркестрам", што пройдуць 22 ліпеня ў Сафійскім саборы ў Полацку. Гэта вельмі адказнае выступленне, бо пад час канцэрта наш калектыў зробіць запіс свайго чарговага кампакт-дыска. Далей - адпачынак, традыцыйныя летнія гастролі па Беларусі. І - пошук "маладога" песеннага рэпертуару для нашых "новых галасоў". Кампазітары, адгукніцеся!

 Надзея БУНЦЭВІЧ

 Фота Юрыя ІВАНОВА